Уладзімір Караткевіч: асоба і творчасць

80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

Аглядная даведка

Уладзімір Караткевіч

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч — класік беларускай літаратуры, паэт, празаік, драматург, кінасцэнарыст, публіцыст, перакладчык.

Нарадзіўся 26 лістапада 1930 г. у г. Оршы Віцебскай вобласці. Бацька — Сямён Цімафеевіч (1887-1959), закончыў гарадское вучылішча ў Оршы, яшчэ падлеткам сам зарабляў сабе на жыццё, працаваў у казначэйстве, служыў у царскай арміі пісарам, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі быў супрацоўнікам фінансавых органаў. Маці — Надзея Васілеўна (1893-1977), з роду Грынкевічаў (сярод яе родных былі святары, чыноўнікі, настаўнікі), пасля заканчэння Марыінскай гімназіі ў Магілёве некаторы час працавала настаўніцай, потым была хатняй гаспадыняй. У сям’і было трое дзяцей: сын Валерый (1918 — загінуў у 1941 г.), дачка Наталля (1922-2003), сын Уладзімір.

Сям’я вызначалася вялікай інтэлігентнасцю. Па словах самога Караткевіча, у дзіцячыя гады сваяцкае асяроддзе шмат у чым уздзейнічала на яго. Вялікі ўплыў на Уладзіміра аказаў дзед па лініі маці Васіль Юллянавіч Грынкевіч (1861-1945), чалавек з багатым жыццёвым вопытам, дасціпны апавядальнік, ад якога ўнук пачуў шмат казак і народных паданняў, пераняў любоў да прыроды. «З’явы прыроды і зараз для мяне цікавей за іншыя кнігі», — адзначаў Уладзімір Караткевіч ужо ў сталым узросце. У доме бацькоў мелася свая хатняя бібліятэка. Валодзя ў дзяцінстве не толькі любіў слухаць казкі і розныя гісторыі, якія яму чыталі старэйшыя, але імкнуўся дадумваць развіццё сюжэтаў, сам вельмі рана (у тры з паловай гады) навучыўся чытаць, стаў актыўным наведвальнікам гарадской дзіцячай бібліятэкі. Паводле ўспамінаў родных, у шэсць гадоў ім былі напісаны першыя вершы. У дзіцячыя гады разнастайнасць яго талентаў выявілася і ў схільнасці да малявання, якая захавалася на ўсё жыццё, і ў тым, што ён меў абсалютны слых, некаторы час займаўся ў музычнай школе.

У 1938 г. Валодзя пайшоў у школу ў Оршы. Пасля заканчэння трэцяга класа ў пачатку лета 1941 г. прыехаў у Маскву пагасцяваць да старэйшай сястры Наталлі, якая вучылася там у хіміка-тэхналагічным інстытуце. Дадому ў Оршу ён вярнуцца не змог. Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Валодзя разам з маскоўскімі дзецьмі трапіў у эвакуацыю ў Разанскую вобласць, потым на Урал у Молатаўскую (Пермскую) вобласць. Рабіў спробы уцячы на фронт. Праз пэўны час высветлілася, што Валодзевы бацькі змаглі эвакуіравацца і жылі ў горадзе Чкалаве (Арэнбургу). Туды ж дабралася і сястра. Толькі ў жніўні 1943 г. яна змагла прывезці Валодзю да бацькоў. Але вайна ўсё ж сабрала ў іх сям’і сваю даніну. У кастрычніку 1941 г. на фронце загінуў старэйшы брат Валодзі Валерый. Жонку Валерыя Вольгу, якая заставалася на захопленай нямецкімі войскамі тэрыторыі, загубілі акупанты.

Летам 1944 г. пасля вызвалення савецкімі войскамі Кіева Уладзімір Караткевіч разам з маці на некаторы час пераехаў у нядаўна вызвалены горад, дзе жылі сваякі. Гэтае нядоўгае знаходжанне ў Кіеве пакінула вялікі след у памяці Уладзіміра Караткевіча, менавіта тут ён зацікавіўся гісторыяй — гэтаму спрыялі велічныя помнікі старажытнага горада на Дняпры, раскопкі, якія вялі тут археолагі. Пад уражаннем успамінаў пра той час пазней Караткевіч напіша аповесць «Лісце каштанаў».

Восенню 1944 г. сям’я вярнулася ў Оршу. З канца 1946 г. яны пачалі жыць ва ўласным доме, куды ў пазнейшы час Уладзімір Караткевіч будзе прыязджаць і працаваць над сваімі творамі. Роднаму гораду, яго людзям ён прысвеціць верш «Орша», дзе выкажа прызнанне ў шчырай любові да бацькоўскіх мясцін, якая «…не знікне, пэўна, нават з маім жыццём».

Яшчэ адным такім творчым кутком для Уладзіміра Караткевіча стане дом сваякоў у Рагачове, пабудаваны дзедам Васілём у 1914 г. Тут для яго быў адведзены асобны пакой, сюды ён не раз прыязджаў, каб знайсці душэўнае супакаенне, прывозіў сяброў і калег. Аддаючы даніну «зямлі дзядоў», Караткевіч напіша пра яе: «…Тут добра так, як нідзе, / У старасвецкай хаце, / У дзедаўскім родным гняздзе». У Рагачове былі задуманы і напісаны многія яго знакамітыя творы. Нават існуе параўнанне значнасці для Караткевіча знаходжання ў гэтых мясцінах з болдзінскім перыядам у Пушкіна.

У другой палове 1940-х гг. Уладзімір працягваў навучанне ў школе, ужо тады ён вызначаўся шырынёй сваіх зацікаўленняў, энцыклапедычнымі ведамі па гісторыі і літаратуры. Як ён сам пазней скажа пра гэты час у інтэрв’ю: «Быць хацеў усім на свеце (за выключэннем, можа, вучонага-матэматыка), і сапраўды многае ўмею».

У час вучобы ў старшых класах сярэдняй школы Уладзімір Караткевіч аддаваў даніну літаратурнай творчасці — пісаў навелы, апавяданні, літаратуразнаўчыя артыкулы. Паводле яго слоў, стварыў не менш за дзвесце вершаў, але спачатку нікому іх не паказваў. Настаўніца К.І. Грыневіч, кіраўніца школьнага літаратурнага гуртка, падтрымала юнага паэта. Яго вершы, прыгодніцкая аповесць «Загадка Неферціці», а таксама ўласнаручныя ілюстрацыі да іх з’явіліся ў рукапісным часопісе «Званочак», які выпускалі ўдзельнікі літгуртка.

У 1949 г. Уладзімір Караткевіч закончыў сярэднюю школу і паступіў на рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т. Шаўчэнкі. За гады вучобы выявіў сябе адным з найбольш здольных студэнтаў, шмат чытаў — у кола яго чытацкіх інтарэсаў уваходзілі творы класікаў сусветнай літаратуры, украінскіх, рускіх, польскіх, беларускіх аўтараў. Цікавіўся ён не толькі літаратурай, але і гісторыяй, у першую чаргу Беларусі. Пазнаёміўся з шматлікімі выданнямі, прысвечанымі нацыянальна-вызваленчаму паўстанню 1863-1864 гг., да падзей якога меў даўні інтарэс. (Паводле сямейнага падання, адзін з продкаў Караткевіча — Тамаш Грыневіч (Грынкевіч) — удзельнічаў у паўстанні, за што быў расстраляны ў Рагачове.)

Ужо ў студэнцкія гады ў поўнай меры праявіліся такія якасці Уладзіміра Караткевіча як сумленнасць, прынцыповасць, незалежнасць у думках. Была акрэслена і грамадска-палітычная пазіцыя. У сакавіку 1953 г. Уладзімір Караткевіч падахвоціў універсітэцкіх сяброў паехаць на пахаванне Сталіна — «не з-за смутку, а каб убачыць уласнымі вачыма» (да многіх рэалій тых часоў ён ужо тады ставіўся крытычна — некаторыя яго сваякі прайшлі праз сталінскія лагеры). У Маскве маладыя людзі трапілі ў страшэнную даўку ў дзень пахавання, самі ледзь не пацярпелі, дапамагалі выносіць параненых. Гэты эпізод абвастрыў у Караткевічу непрыманне тыраніі, як і звязаных з ёй гвалту і рабалепства, што выразна праявілася на старонках многіх яго твораў. Па ўспамінах аднакурсніка, аўтарытэт Караткевіча сярод студэнтаў быў вялікі, для многіх ён быў душой курса, яго сумленнем.

У Кіеве Уладзімір Караткевіч працягваў складаць вершы на беларускай і рускай мовах, спрабаваў пісаць іх па-ўкраінску і па-польску. У яго студэнтскіх рэфератах былі грунтоўна распрацаваны некалькі літаратуразнаўчых тэм: аб творчасці Пушкіна, Багдановіча і інш. У гэты час ён задумаў вялікі гістарычны твор, дзе планаваў падаць усе акалічнасці паўстання 1863-1864 гг. А летам 1950 г. літаратарам-пачаткоўцам быў створаны першы варыянт знакамітай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» — гістарычнага дэтэктыва, дзеянне якога адбываецца ў 80-я гг. XIX ст.

На радзіме ў аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў» у 1951 г. былі надрукаваны два вершы Уладзіміра Караткевіча: «Тут будзе канал» (на рускай мове) і «Якубу Коласу» (на беларускай мове). Летам 1952 г. пад уражаннем паездкі ў Вязынку — родныя мясціны Янкі Купалы — быў напісаны нарыс «Вязынка», які разам з суправаджальным пісьмом Караткевіч даслаў жонцы Янкі Купалы Уладзіславе Францаўне. У гэты ж час ён накіраваў шэраг сваіх ранніх твораў (казкі, вершы, апавяданні) для ацэнкі Якубу Коласу.

У 1954 г. Уладзімір Караткевіч закончыў універсітэт. Яго дыпломная работа на тэму «Казка. Легенда. Паданне» выклікала неадназначную рэакцыю, і толькі дзякуючы намаганням акадэміка А. Бялецкага і выкладчыка А. Назароўскага ён атрымаў вышэйшую адзнаку. Але магчымасці далейшай навуковай працы былі абмежаваны. Толькі пазней Караткевіч змог паступіць у завочную аспірантуру. У 1954-1956 гг. працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў вёсцы Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці.

Што датычыцца літаратурных твораў, то паводле сведчання самога Караткевіча, напісаны былі, як вобразна выказаўся ён сам, «горы» старонак. «Але друкавацца і не думаў.» Малады літаратар даслаў некаторыя свае вершы для азнаямлення сябру ў Мінск, а той без ведама аўтара занёс іх у рэдакцыю літаратурнага часопіса «Полымя». У ліпені 1955 г. у «Полымі» быў апублікаваны верш Караткевіча «Машэка», прысвечаны герою беларускіх легендаў. Паводле слоў самога пісьменніка, гэтая падзея стала пераломнай, ён канчаткова пераключыў увагу на літаратурную творчасць, істотнае месца ў якой займалі творы гістарычнай тэматыкі. У гэтым жа годзе нарыс Уладзіміра Караткевіча «Вязынка» быў змешчаны ў зборніку матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці Янкі Купалы.

Восенню 1955 г. Караткевіч прымаў удзел у рэспубліканскай нарадзе маладых літаратараў у Мінску, дзе яго вершы атрымалі высокую ацэнку. З 1955 г. пачалася перапіска паміж Уладзімірам Караткевічам і галоўным рэдактарам часопіса «Полымя», будучым народным паэтам Беларусі Максімам Танкам. Ён дзяліўся з старэйшым калегам сваімі творчымі задумамі. «І як многа мне яшчэ патрэбна вучыцца», — вось, магчыма, галоўная задача, якую ставіў перад сабой «здольны малады чалавек з правінцыі», як з гумарам назваў сябе Караткевіч у адным з лістоў Максіму Танку.

У 1956 г. Уладзімір Караткевіч вярнуўся на радзіму і да 1958 гг. быў настаўнікам 8-й сярэдняй школы ў Оршы. Акрамя напружанай працы ў школе, ён спрабаваў заняцца і навукай — пачаў пісаць кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную асвятленню ў літаратуры падзей нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-1864 гг., але так і не закончыў яе.

Гэта быў этап плённай пісьменніцкай працы. У 1956 г. Уладзімірам Караткевічам напісана легенда «Маці Ветру», прысвечаная падзеям антыфеадальнага Крычаўскага паўстання 1743-1744 гг., пра якое яму калісьці расказваў дзед Васіль. У 1957 г. створана п’еса «Млын на Сініх Вірах», героі якой — савецкія падпольшчыкі часоў Вялікай Айчыннай вайны (пастаўлена на Беларускім тэлебачанні ў 1959 г., упершыню апублікавана ў 1988 г.). У гэтым жа годзе закончыў аповесць «У снягах драмае вясна» аб студэнцкім жыцці пачатку 1950-х гг. (упершыню апублікавана ў 1988 г.). У беларускім друку працягваюць з’яўляцца яго вершы. Ужо ў тыя гады Уладзімір Караткевіч усведамляў неабходнасць стварэння ў беларускай літаратуры вобраза нацыянальнага героя. У той час ён бачыў у якасці такой асобы чалавека, які жыў на Беларусі ў эпоху Рэнесанса.

У красавіку 1957 г. Уладзімір Караткевіч атрымаў афіцыйнае прызнанне ў калег — быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР. Між тым у аршанскай газеце «Ленінскі прызыў» з’явілася некалькі крытычных публікацый, у якіх Караткевіча абвінавачвалі ў празмерным захапленні гісторыяй, няўвазе да сучасных гераічных будняў савецкіх людзей, адарванасці ад жыцця, песімістычных настроях. Рэзка крытыкаваўся верш «Вадарод». У ім аўтар хоць і адзначаў вялікія магчымасці выкарыстання ядзернай энергіі ў мірных мэтах, аднак, на думку апанентаў, вельмі перабольшваў пагрозу, якую нясе атам. (Падобныя прэтэнзіі будуць выказвацца і пазней, у 1960 г. у сувязі з вершам «Дзяўчына пад дажджом».) Былі арганізаваны канферэнцыі чытачоў, гнеўныя лісты ішлі ў сталіцу. Але ў лютым 1958 г. рэспубліканская газета «Звязда» надрукавала артыкул у падтрымку маладога літаратара.

Уладзімір Караткевіч заўсёды, у тым ліку і ў маладыя гады, з вялікай адказнасцю падыходзіў да працэсу літаратурнай творчасці. У 1957 г. ён нават занатаваў план сваёй літаратурнай работы, дзе пазначыў меркаваныя тэмы і творы, якія маглі б скласці 78 тамоў. Адна толькі серыя «Век» — гісторыя Беларусі з 1860 г. да 60-х гг. XX ст. — павінна была скласці 15 тамоў. Сярод задум пісьменніка былі вершаваныя і празаічныя творы як на гістарычныя, так і на тэмы сучаснага жыцця, літаратуразнаўчыя і мастацтвазнаўчыя, кінасцэнарыі і публіцыстыка, фальклорныя і навуковыя публікацыі, пераклады, творы для дзяцей, фантастыка і дэтэктывы.

У 1958 г. выйшаў першы зборнік вершаў паэта «Матчына душа». У гэты ж час ён дапрацаваў аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», напісаў п’есу «Трошкі далей ад Месяца» (не друкавалася), пра лёс чалавека, які пацярпеў ад сталінскіх рэпрэсій.

Сур’ёзныя задумы маладога пісьменніка патрабавалі яшчэ большых ведаў і такіх, якія адпавядалі б духу часу. У 1958-1962 гг. Уладзімір Караткевіч вучыўся ў Маскве. Спачатку на Вышэйшых літаратурных курсах, а з 1960 г. — на Вышэйшых сцэнарных курсах.

У гэты перыяд з друку выходзяць другі яго паэтычны зборнік «Вячэрнія ветразі» (1960 г.) і зборнік прозы «Блакіт і золата дня» (1961 г.), які склалі апавяданні, гістарычныя аповесці «Сівая легенда» пра народнае паўстанне на Магілёўшчыне ў XVII ст. і «Цыганскі кароль», час дзеяння ў якой — другая палова XVIII ст., прысвечаная перыпетыям ў жыцці беларускага шляхціца Міхала Яноўскага, мясцовага цыганскага «манарха» Якуба Знамяроўскага з Ліды і «рэспубліканцаў», якія яму супрацьстаялі. Тады ж ім напісаны першы раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі», дзе падзеі з жыцця сучаснай інтэлігенцыі, чалавечыя ўзаемаадносіны герояў твора — нашчадкаў паўстанца 1863 г. і царскага афіцэра — падаюцца праз прызму гістарычных з’яў. Раман быў апублікаваны ў часопісе «Полымя» ў 1962 г. пад назвай «Нельга забыць». У гэты час Уладзімір Караткевіч захапіўся кінематографам, актыўна працаваў над сцэнарыямі мастацкіх і дакументальных кінастужак.

1960-я гг. былі вельмі плённымі для Уладзіміра Караткевіча, яго талент раскрыўся з асаблівай сілай. З 1962 г. ён пастаянна жыў у Мінску. Пачаўся перыяд, калі малады пісьменнік змог цалкам засяродзіцца на творчай працы.

У 1963 г. рыхтаваўся да друку зборнік, куды павінны былі ўвайсці раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі» і аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», але набор кнігі быў рассыпаны паводле распараджэння цэнзуры. Тым не менш у 1964 г. аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» ўпершыню апублікавана. У 1960-я гг. Караткевічам створаны раманы «Каласы пад сярпом тваім» (1962-1964 гг., апублікаваны ў 1965 г., асобнае выданне — 1968 г.) — маштабнае палатно пра падзеі напярэдадні паўстання 1863-1864 гг., «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1965-1966 гг., апублікаваны ў 1972 г.) — прысвечаны сярэднявечнай Беларусі, супрацьстаянню разняволенага чалавечага духу, гуманізму і цемрашальства, асэнсаванню гістарычнага лёсу зямлі і яе народа, а таксама іншыя гістарычныя творы — п’еса «Кастусь Каліноўскі» (1963 г., апублікавана ў 1980 г.), аповесць «Зброя» (1964 г., апублікавана ў 1981 г.) пра паўстанцаў Каліноўскага, легенда «Ладдзя Роспачы» (1964 г., апублікавана ў 1968 г.) пра трагічныя абставіны вайны з Масковіяй у XVII ст., мужнасць беларускіх ваяроў.

Шмат зрабіў Уладзімір Караткевіч і для беларускага кінематографа, напісаў сцэнарыі дакументальных фільмаў: «Сведкі вечнасці» (1964 г.), «Памяць» (1966), «Будзь шчаслівай, рака» (1967). У 1967 г. паводле сцэнарыя Караткевіча быў зняты кінафільм «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». «Залішняя», паводле меркавання ідэалагічных кантралёраў, увага да «змрочнага сярэднявечча» стала прычынай таго, што фільм паклалі «на паліцу» і да гледачоў ён дайшоў праз шмат гадоў — у 1989 г.

У 1969 г. выйшаў паэтычны зборнік «Мая Іліяда», у 1970 г. — зборнік прозы «Чазенія», куды ўвайшлі аднайменная аповесць, дзеянне якой адбываецца ў 1960-я гг. на Далёкім Усходзе, яе персанажы — маладыя прадстаўнікі інтэлігенцыі; некалькі апавяданняў, сюжэты якіх звязаны з падзеямі як гістарычнымі, так і сучаснымі, а таксама «Казкі янтарнай краіны», прысвечаныя Латвіі.

Безумоўна, цэнтральнае месца ў творчасці Уладзіміра Караткевіча займаюць «Каласы пад сярпом тваім» — фактычна першы беларускі гістарычны раман. Па словах самога пісьменніка, задумка твора выспявала дванаццаць гадоў, а «пачатак рамана прыйшоў у галаву 7 жніўня 1959 года ля Азярышча на Рагачоўшчыне». У Рагачове былі напісаны многія старонкі рамана. «Пастараўся заплаціць гэтай кнігай доўг Дняпру, людзям паўстання 1863 года, Беларусі.» Аўтар меркаваў, што твор стане першай часткай трылогіі, у якой будзе пададзена шырокая панарама народнага змагання за свабоду. І нават лічыў, што, калі б яму ўдалося пасля «Каласоў» напісаць завяршэнне эпапеі, давёўшы дзею да нашых дзён, ён бы зрабіў справу свайго жыцця. Аднак у поўнай меры ажыццявіць творчыя планы яму не давялося. (Паводле меркавання некаторых даследчыкаў, Уладзімір Караткевіч усё ж стварыў працяг рамана, але ён прапаў у 1982 г., калі была абрабавана кватэра пісьменніка. На думку іншых аўтараў, гэта інфармацыя больш падобна да міфа.) Чытачы прыхільна сустрэлі раман, апублікаваны ў часопісе «Полымя» ў 1965 г. Высока ацаніла яго і большасць крытыкаў. Аднак былі і негатыўныя водгукі. Аўтара папракалі, напрыклад, у тым, што ён зрабіў галоўнай дзеючай сілай паўстання шляхту, а не сялян. Ад Караткевіча патрабавалі перарабіць твор і пры падрыхтоўцы кніжнага выдання. Аднак Караткевіч рашуча адмовіўся змяняць галоўныя, канцэптуальныя, акцэнты ў рамане. На пасяджэнні ў Саюзе пісьменнікаў у падтрымку Уладзіміра Караткевіча выступілі Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Ніл Гілевіч, Генадзь Кісялёў, Адам Мальдзіс, Іван Навуменка і іншыя літаратары. Раман выйшаў асобным выданнем, хоць аўтар і быў вымушаны падзяліць першую частку меркаванай трылогіі на дзве кнігі, давялося пагадзіцца і з некаторымі заўвагамі рэцэнзентаў, хоць і не з усімі. Увогуле, тэмай паўстання 1863 г. Караткевіч займаўся на працягу ўсяго жыцця, прысвяціў ёй многія вершы, апавяданні, драматычныя і публіцыстычныя творы, вызнаваў, паводле слоў аднаго з даследчыкаў, «культ» Кастуся Каліноўскага.

У канцы 1960-х гг. Уладзімір Караткевіч пазнаёміўся з будучай жонкай Валянцінай Браніславаўнай Нікіцінай, якая стала надзейнай апорай у яго жыцці, спрыяла творчым пошукам пісьменніка. Яна была гісторыкам, кандыдатам навук. Да знаёмства з Караткевічам Валянціна Браніславаўна працавала выкладчыцай у Брэсцкім педінстытуце. Пераехаўшы ў Мінск, была навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі, займалася пытаннямі традыцыйнай нацыянальнай культуры, шмат ездзіла па Беларусі ў этнаграфічныя экспедыцыі, дзе яе часта суправаджаў муж. За ўдзел у падрыхтоўцы «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» Валянціна Браніславаўна (пасмяротна) разам з іншымі аўтарамі была ў 1990 г. узнагароджана Дзяржаўнай прэміяй БССР.

Уладзімір Караткевіч любіў вандраваць. Напэўна, можна сказаць, што ён аб’ездзіў усю Беларусь. («Люблю ўсе месцы на Беларусі. Ведаю таксама ўсе.»). Пабываў у многіх мясцінах Савецкага Саюза, у Польшчы, разам з жонкай па запрашэнні славацкіх калег некалькі разоў наведаў Чэхаславакію, застаўся пад вялікім уражаннем ад яе прыроды, памятных мясцін. У такіх паездках ён найперш удзяляў увагу назіранням над людзьмі, самымі разнастайнымі праявамі іх жыцця, збіраў вобразы для будучых твораў. «Жыццё прыдумаць нельга. Яго можна толькі ўзнавіць», — пісаў Уладзімір Караткевіч і сам трымаўся гэтага прынцыпу і ў гістарычных творах, і ў публіцыстыцы, і ў краязнаўчых замалёўках і нарысах.

1970-я гг. адзначаны новымі дасягненнямі ў творчасці Уладзіміра Караткевіча.

Прыкметным творам стаў напісаны ў 1971 г. першапачаткова для ўкраінскага чытача і выдадзены асобнай кнігай на беларускай мове ў 1977 г. нарыс пра зямлю Беларусі, яе гісторыю, прыроду і культуру «Зямля пад белымі крыламі» — з лёгкай рукі Караткевіча гэты вобраз трывала замацаваўся як сімвалічная назва нашай краіны. У 1972 г. напісана аповесць «Лісце каштанаў», прысвечаная пасляваенным падлеткам. Дзеянне адбываецца ў вызваленым Кіеве, такім чынам твор можна назваць у некаторай ступені аўтабіяграфічным. У 1973 г. выйшаў фотаальбом «Белавежская пушча», а ў 1979 г. — «Памяць зямлі беларускай», аўтарам тэксту якіх быў Уладзімір Караткевіч. У 1974 г. выйшаў у свет зборнік апавяданняў і аповесцей «Вока тайфуна». У 1978 г. убачыў свет зборнік гістарычных твораў «З вякоў мінулых».

У 1970-я гг. Уладзімір Караткевіч не спыняў працы над творамі драматургіі. У 1973 г. завершана праца над сцэнарыем мастацкага фільма «Чырвоны агат». Пісаў ён творы і для тэатра. У 1973 г. з’явілася гістарычная п’еса «Званы Віцебска» (апублікавана ў 1977), прысвечаная падзеям 1623 г., таго часу, калі на нашай зямлі ўсталёўвалася царкоўная унія паміж праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі. У 1978 г. пастаўлена п’еса «Кастусь Каліноўскі» (у 1973 г. створана лібрэта аднайменнага балета). У 1982 г. напісана сацыяльна-гістарычная драма «Калыска чатырох чараўніц» (пастаўлена ў гэтым жа годзе), у якой аўтар звярнуўся да дзіцячых і юнацкіх гадоў Янкі Купалы. Падзеям Крычаўскага паўстання 1743-1744 гг. прысвечана трагедыя «Маці ўрагану» (1982 г., апублікавана ў 1985 г., пастаўлена ў 1988 г.).

Ёсць у Караткевіча творы і для юных чытачоў, у 1975 г. выйшаў яго зборнік «Казкі».

Повязь розных часоў увасоблена яшчэ ў адным шырокавядомым творы Уладзіміра Караткевіча — вострасюжэтным дэтэктыўна-прыгодніцкім рамане «Чорны замак Альшанскі», у якім цесна перапляліся дэтэктыўная інтрыга, сацыяльна-псіхалагічныя і гістарычныя аспекты, каларытныя чалавечыя характары (1979 г., выйшаў асобным выданнем у 1983 г.).

На працягу ўсёй літаратурнай дзейнасці Уладзімір Караткевіч займаўся дакументальнай публіцыстыкай. Яго творы прысвечаны выдатным асобам беларускай зямлі Францыску Скарыну, Кастусю Каліноўскаму, Янку Купалу, Максіму Багдановічу і знакамітым дзеячам сусветнай культуры Джорджу Байрану, Антону Чэхаву, Міхаілу Шолахаву. Тэмай нарысаў, эсэ, артыкулаў Караткевіча былі многія мясціны Беларусі і іншых краін. Гэта старажытныя Віцебск, Тураў, Мсціслаў, Вільнюс, Кіеў, а таксама Латвія, Беларускае Палессе… Яго цікавіла і духоўная спадчына народаў свету. Так, у апавяданні «Вялікі Шан Ян» Караткевіч звярнуўся да гісторыі Старажытнага Кітая, у гэтым творы аўтар укладае ў вусны персанажаў сцвярджэнні, актуальныя і цяпер: «Тады дзяржава моцная, калі моцны ўвесь люд…» Ён і тут выступае супраць тыраніі, вайны, чалавечай жорсткасці.

Займаўся Караткевіч і перакладамі з іншых моў: латышскай, літоўскай, грузінскай, украінскай, рускай, польскай, славацкай, чэшскай, туркменскай, выступаў з крытычнымі артыкуламі па пытаннях мастацкага перакладу. Сярод яго знаёмых былі ўкраінскія, польскія, славацкія, балгарскія, літоўскія, латышскія літаратары.

Уладзімір Караткевіч добра спяваў, ведаў многа беларускіх народных песень. Будучы чалавекам энцыклапедычных ведаў і незвычайнай начытанасці, эрудыцыі, ён разумеў патрэбы шырокага кола чытачоў, не цураўся «лёгкіх» жанраў, сам любіў чытаць дэтэктывы. Караткевіч таксама нядрэнна маляваў і многія старонкі рукапісаў яго твораў упрыгожаны шматлікімі ілюстрацыямі самога аўтара.

Уладзімір Караткевіч праявіў сябе і на ніве асветніцтва. У другой палове 1970-х гг. пачалася яго праца на Беларускім тэлебачанні, дзе ён вёў праграму «Спадчына», прысвечаную гісторыі і культуры беларускай зямлі і разлічаную на самае шырокае кола гледачоў.

Караткевіч заўсёды знаходзіўся ў віры жыцця. Кола яго кантактаў было вельмі шырокае: шмат сяброў, пісьменнікі, мастакі, кінематаграфісты… У яго найбліжэйшым атачэнні былі такія вядомыя беларускія літаратары як Янка Брыль, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Адам Мальдзіс і многія іншыя. Умеў ён знаходзіць агульную мову і з тымі людзьмі, з якімі лёс зводзіў яго падчас шматлікіх вандровак, экспедыцый, — леснікамі, рыбакамі… Падмуркам даверу і аўтарытэту, якім карыстаўся сярод людзей Уладзімір Караткевіч, акрамя безумоўнай таленавітасці і любові да Беларусі, з’яўляліся яго няўрымслівасць, вясёлы нораў, адкрытасць, шчырасць. Гэтыя якасці арганічна спалучаліся з сумленнасцю і прынцыповасцю пры выбары пазіцыі ў вострых жыццёвых сітуацыях, складаных творчых і грамадскіх пытаннях. Такія падыходы бачны на прыкладзе паводзін Караткевіча ў адносінах да асоб з яго акружэння, характарыстыкі на якіх ён у пэўных абставінах вымушаны быў даваць. Такім чынам ім рашаліся і праблемы пры абмеркаванні якасці літаратурных твораў, стаўлення да роднай мовы, культуры і гісторыі Беларусі.

Канец 1970-х – пачатак 1980-х гг. стаў для Уладзіміра Караткевіча часам прызнання яго заслуг на дзяржаўным узроўні, але і цяжкіх жыццёвых нягод.

У 1980 г. у сувязі з 50-годдзем Уладзімір Караткевіч быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў. Да гэтай жа даты было прымеркавана выданне Выбраных твораў пісьменніка ў 2-х тамах. У 1982 г. выйшаў асобным выданнем раман «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі»), за які Уладзіміру Караткевічу ў 1983 г. прысуджана Літаратурная прэмія імя Івана Мележа.

У асабістым жыцці Уладзімір Караткевіч панёс незаменныя страты. У 1977 г. не стала яго маці Надзеі Васілеўны, якая доўгі час жыла разам з сынам. У 1983 г. ад цяжкай хваробы памерла яго жонка Валянціна Браніславаўна. Уладзімір Сямёнавіч вельмі перажываў гэтае гора. Здароўе яго самога таксама было падарванае. Тым не менш ён працягваў вандроўкі. У адной з іх хваробы абвастрыліся і 25 ліпеня 1984 г. на 54-м годзе жыцця Уладзімір Караткевіч памёр. Пахаваны ён у Мінску на Усходніх могілках.

* * *

Уладзімір Караткевіч, бадай, адна з найбольш яскравых фігур у беларускай літаратуры другой паловы XX ст. Яго таленавітасць, глыбокая эрудзіраванасць, патрыятызм з’явіліся той асновай, на якой грунтуюцца творчыя здабыткі пісьменніка.

Даследчык С. Андраюк наступным чынам акрэслівае асаблівасці творчага падыходу Караткевіча: «Ён з тых першаадкрывальнікаў, першапраходцаў, якіх усё захапляе сваёй веліччу, незвычайнасцю, якіх усё моцна хвалюе, узбуджае фантазію, абвастрае мастацкі зрок. Гэтае захапленне, непасрэднасць паэтычнага ўражання імкнецца ён перадаць чытачу… Караткевіч даследуе, але ў найбольшай ступені ўзнаўляе, паэтызуе гераічнае мінулае народа, выхоўвае любоў да слаўных нацыянальных традыцый. Адсюль творчая манера, у якой арганічна спалучаецца грунтоўны сацыяльны аналіз, дакладнае ўзнаўленне і паэтызацыя. Стыль вылучаецца моцнай рамантычнай афарбоўкай. Больш таго, рамантычнасць адчуваецца ў выбары незвычайных, часам выключных сітуацый і падзей, у сюжэтабудаванні, увядзенні ў твор элемента «таямнічага», якому, праўда, у рэшце рэшт надаецца чыста рэалістычнае вытлумачэнне, у моцнай эмацыянальнай насычанасці мовы, багатым выкарыстанні фальклору. Увогуле вуснапаэтычная народная творчасць у Караткевіча займае асаблівае месца. Да гісторыі ў сваёй творчасці ён ішоў ад фальклору — паданняў, легенд, песень… Пазней пануючым у творчасці пісьменніка становіцца момант сацыяльна-аналітычны і філасофскі. Але і тут прысутнасць пачатку вуснапаэтычнага адчуваецца даволі моцна.»

Філосаф У. Конан адзначае такую грань пісьменніцкага таленту Караткевіча, як яго важкі ўклад ва ўзбагачэнне літаратурнай мовы за кошт шырокага засваення «залатых россыпаў народнай лексікі», якая некалі актыўна бытавала.

«Выхоўваць любоў да нацыянальнай культуры можна адным толькі спосабам: выхаваннем у чалавеку гордасці за свой народ і яго дзеянні ў гісторыі,» — гаварыў Уладзімір Караткевіч. Яго называюць бацькам беларускай гістарычнай раманістыкі. Літаратуразнавец Ю. Пшыркоў пісаў, што ўжо адно гэта дае яму права на пачэснае месца ў літаратуры. Даследчык жыццёвага шляху і творчасці пісьменніка А. Верабей параўноўвае ролю Караткевіча ў беларускай літаратуры з роляй В. Скота ў англійскай і Г. Сянкевіча ў польскай і асабліва адзначае яго заслугу ў стварэнні высокамастацкай гістарычнай прозы. «Гэта класік беларускай гістарычнай літаратуры» — сцвярджае А. Верабей.

Але не толькі чыста гістарычныя сюжэты цікавілі пісьменніка. Ён не быў абыякавы і да актуальных праблем сучаснасці. Хвалявалі яго пытанні аховы прыроды, ядзернай небяспекі, абуджэння нацыянальнай памяці, зберажэння гістарычнай спадчыны, развіцця літаратуры. «…Мова — душа народа, і толькі на ёй можа народ найбольш поўна выказаць сябе,» — сцвярджаў Уладзімір Караткевіч, разважаючы пра няпростую моўную сітуацыю ў Беларусі.

«Трэба працаваць. Не для сябе, а для маёй роднай краіны, для Беларусі, якой, калі дазволіць лёс, я паслужу, колькі будзе дадзена дзён, — многа або мала, але да канца,» — так вызначыў ён сваё жыццёвае і творчае крэда. І для нацыянальнага духоўнага жыцця зрабіў вельмі многа. Мэтанакіраваным выкананнем высокага грамадзянскага і мастакоўскага абавязку назваў жыццёвы шлях Караткевіча крытык С. Андраюк.

Уладзімір Караткевіч стаў адным з духоўных сімвалаў сучаснага беларускага адраджэння. Яго актыўная жыццёвая пазіцыя, сумленне патрыёта і грамадзяніна, якога больш за ўсё хваляваў лёс беларускага народа, выклікалі часам крытычнае стаўленне і незадавальненне ідэалагічных «ахоўнікаў парадку». Некаторыя творы ўдавалася апублікаваць праз шмат гадоў пасля напісання, а многія так і не былі надрукаваны пры жыцці пісьменніка. Аднак уклад Уладзіміра Караткевіча ў развіццё беларускай літаратуры, абуджэнне гістарычнай памяці народа бясспрэчны. Яго творчасць атрымала шырокае прызнанне чытачоў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Значэнне творчасці пісьменніка ў тым, што Караткевіч паказвае: беларускі народ, нягледзячы на шматлікія пакуты і выпрабаванні, трагічныя падзеі ў яго гісторыі, застаўся народам вялікай душы і светлага розуму, не страціў свайго нацыянальнага аблічча.

* * *

З цягам часу інтэрэс да асобы і творчасці Уладзіміра Караткевіча не змяншаецца, усё больш шырокае кола людзей цікавіцца яго творамі. Ушанаванне пісьменніка і высокая ацэнка нашчадкамі таго, што зроблена ім, знайшлі сваё ўвасабленне ў многіх сферах жыцця грамадства.

Ужо пасля смерці Уладзіміра Караткевіча за раман «Чорны замак Альшанскі» ён быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа 1984 г.

У 1986 г., выйшаў падрыхтаваны ім самім да друку паэтычны зборнік са знамянальнай назвай «Быў. Ёсць. Буду». У 1987-1991 гг. ажыццёўлена выданне Збору твораў Уладзіміра Караткевіча ў 8 тамах. Яго раман «Каласы пад сярпом тваім» увайшоў у школьныя праграмы па літаратуры. Больш чым на дваццаць моў народаў свету, у тым ліку на англійскую, французскую, нямецкую, іспанскую, рускую, польскую, украінскую і іншыя перакладаліся творы Уладзіміра Караткевіча.

На сцэнах беларускіх тэатраў ставіліся п’есы Уладзіміра Караткевіча. У Беларускім тэатры оперы і балета былі пастаўлены напісаная кампазітарам Д. Смольскім паводле лібрэта Уладзіміра Караткевіча опера «Сівая легенда», а таксама опера У. Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха», якая атрымала Дзяржаўную прэмію Беларусі. Паводле твораў Уладзіміра Караткевіча былі зняты мастацкія фільмы, створаны тэлевізійныя і радыёпастаноўкі.

Пра пісьменніка створаны дакументальны фільм «Быў. Ёсць. Буду», некалькі відэафільмаў. Выйшаў з друку шэраг манаграфій, прысвечаных Уладзіміру Караткевічу.

У Оршы дзейнічае музей Уладзіміра Караткевіча. Матэрыялы пра яго жыццё і дзейнасць экспануюцца ў Рагачоўскім музеі народнай славы, Віцебскім краязнаўчым музеі. Па ініцыятыве прыхільнікаў творчасці пісьменніка былі створаны экспазіцыі ў Мінскім прафесійна-тэхнічным каледжы электронікі, інтэрнаце будаўнікоў у г. Маладзечна і ў сярэдняй школе № 3 г. Оршы.

У Оршы, Віцебску і на магіле пісьменніка ў Мінску пастаўлены помнікі. На дамах у Оршы, дзе Караткевіч жыў у канцы 1950-х гг., і ў Мінску, дзе была яго кватэра, усталяваны мемарыяльныя дошкі. У гонар пісьменніка названы вуліцы ў Оршы, Віцебску, Рагачове. Імя Уладзіміра Караткевіча носяць сярэдняя школа ў Оршы, Фонд дапамогі маладым пісьменнікам, прэмія выдавецтва «Мастацкая літаратура».

У сувязі з 80-годдзем з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча міністрам культуры Рэспублікі Беларусь зацверджаны план мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай нагодзе. Намечана адкрыць у Мінску помнік пісьменніку, выдаць 25-томны збор яго твораў. Вядзецца работа над шматсерыйным мастацкім фільмам паводле рамана «Каласы пад сярпом тваім». Плануюцца здымкі дакументальнага фільма пра пісьменніка. Мяркуецца правесці шэраг выстаў, выпусціць памятны канверт з арыгінальнай паштовай маркай, прысвечаны Уладзіміру Караткевічу, і правесці яго спецгашэнне ў Оршы, наладзіць шэраг канцэртаў, урачыстых вечарын, паказ спектакляў паводле яго твораў, мерапрыемствы ва ўстановах адукацыі. Запланавана таксама размяшчэнне ў электронных СМІ спецыяльных сюжэтаў, прысвечаных Уладзіміру Караткевічу,

Ушаноўваецца імя класіка беларускай літаратуры і за межамі нашай краіны. Яго імя нададзена нядзельнай беларускай школе ў Таліне і грамадскай бібліятэцы літаратуры народаў Эстоніі. У сталіцы Украіны Кіеве ў хуткім часе будзе адкрыты помнік пісьменніку.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Андраюк С. Беларусь — яго песня // Чырвоная змена. 26 лістап. 1980. С. 4.
  2. Верабей А. Абуджаная памяць: Нарыс жыцця і творч. У. Караткевіча. Мінск, 1997. 256 с., [8] л. іл.
  3. Верабей А.Л. Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 8. Мінск, 1999. С. 57-58.
  4. Верабей А.Л. Караткевіч Уладзімір // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 3. Мінск, 1994. С. 159-161.
  5. Верабей А. Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4. Мінск, 1997. С. 111-112.
  6. Ішчанка Г.М. Вывучэнне творчасці пісьменніка : Уладзімір Караткевіч у школе : дапам. для настаўнікаў агульнаадукац. устаноў. 2-е выд. Мінск, 2005. 207 с.
  7. Караткевіч У. Збор твораў у васьмі тамах. Мінск, 1987-1991.
  8. Ліс А.С. Годна, з любасцю // Ліс А.С. Цяжкая дарога свабоды. Мінск, 1994. С. 394-413.
  9. Мальдзіс А. Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: Партр. пісьменніка і чалавека. Мінск, 1990. 230 с., [9] л. іл.
  10. Махнач Т.М. Караткевіч Уладзімір: Бібліяграфія / Уклад. // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 3. Мінск, 1994. С. 161-169.
  11. Музей Уладзіміра Караткевіча Мінскага ПТК электронікі (http://www.uladzimir-karatkevich.com/gl/gl.shtml)
  12. Общественная библиотека литературы народов Эстонии им. Вл. Короткевича ( https://sites.google.com/site/bibliotekaimvlkorotkevica/home)
  13. Станкевіч Ст. Уладзімер Караткевіч у вабароне нацыянальнай годнасьці Кастуся Каліноўскага // Беларус. 1980. № 280-281. С. 4.
  14. Сямёнава А.І. Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. Т. 2. Мінск, 1985. С. 684-685.
  15. Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду! : успаміны, інтэрв’ю, эсэ / уклад. Г. Шаблінскай. Мінск, 2005. 518 с. : іл. (Жыццё знакамітых людзей Беларусі.)