Класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч. Да 120-годдзя з дня нараджэння

Аб праекце

Праект «Класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч. Да 120-годдзя з дня нараджэння» з’яўляецца спецыяльнай юбілейнай рубрыкай інтэрнэт-рэсурсу архіўнай галіны Рэспублікі Беларусь — сайта «Архивы Беларуси».

Прапануемы матэрыял прысвечаны славутаму беларускаму пісьменніку, аднаму са стваральнікаў нацыянальнай мастацкай літаратуры – выдатнаму паэту, празаіку, гісторыку літаратуры і літаратурнаму крытыку, публіцысту, перакладчыку, унікальнаму чалавеку, адметнымі рысамі якога былі выключны талент, мэтанакіраванасць і вялікая самаахвярная любоў да Беларусі.

Мэты праекта

Распрацоўка дадзенага праекта абумоўлена імкненнем адзначыць вялікі ўклад Максіма Багдановіча ў развіццё беларускай літаратуры і ў нацыянальнае адраджэнне Беларусі, нагадаць аб яго творчасці і падзеях жыцця шляхам прадстаўлення шырокаму колу карыстальнікаў глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт больш поўнай інфармацыйнай карціны па гэтых пытаннях, у першую чаргу на падставе дакументальных першакрыніц.

Акрамя таго, стварэнне гэтай падборкі матэрыялаў мае на мэце пашырэнне ведаў па беларускай нацыянальнай культуры і гісторыі Беларусі.

Структура праекта

Рубрыка складаецца з 4-х асноўных раздзелаў, у якіх размешчаны наступныя матэрыялы:

  • Аглядная даведка аб асобе і творчасці Максіма Багдановіча.
  • Прадстаўнічая інфармацыя аб першых выданнях твораў Максіма Багдановіча, якія знаходзяцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.
    Усяго прадстаўлена 4 выданні, якія прэзентуюцца выявай вокладкі, тытульным лістом і зместам.
  • Агляд архіўных фондаў пра Максіма Багдановіча. Даведка складзена з апісання гісторыі архіўнай спадчыны пісьменніка, характарыстыкі фондаў беларускіх архіваў, музеяў, бібліятэк і навуковых устаноў, а таксама замежных устаноў.
  • Выстаўка архіўных дакументаў і матэрыялаў.

Усяго экспануецца 394 архіўныя крыніцы (электронныя копіі тэкставых, фота- і фонадакументаў, малюнкаў, выяў музейных экспанатаў), якія знаходзяцца ў сховішчах 5 дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь: Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (291 адз.), Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў (45), Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (29), Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (25), Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў г. Гродна (4).

Экспазіцыя складзена ў цэлым з 30 тэматычных распрацовак (8 асноўных раздзелаў, 10 падраздзелаў і 12 параграфаў).

Структурна гэты матэрыял пададзены ў 2-х узроўнях:
— 1-ы ўзровень: пералік дакументаў, які ўключае іх назву, месца і дату стварэння, від і мову, а таксама забяспечаны архіўнымі ўказальнікамі да іх. Тут жа (з правага боку) на выяве першакрыніцы, выкананай у мінімальным маштабе (для фотадакументаў, малюнкаў), або на спецыяльным значку, які абазначае тэкставы ці фонадакумент, размешчаны спасылкі для прагляду матэрыялу ў поўнамаштабным выглядзе;
— 2-гі ўзровень: электронныя копіі архіўных першакрыніц (тэкставага дакумента, малюнка, фотаздымка, фонадакумента), якія зроблены ў максімальна магчымым у дадзенай канкрэтнай сітуацыі памеры.

Аснову экспазіцыі — амаль дзве трэці ад агульнай колькасці экзэмпляраў — складаюць тэкставыя дакументы (247 адзінак), больш за чвэрць (102) – фотадакументы і 40 фонадакументаў. Акрамя таго, дэманструюцца 2 малюнкі і 7 музейных прадметаў (на 3 фотаздымках).

Частка матэрыялаў у сувязі з іх тэматычнай шматпланавасцю выстаўлена ў розных раздзелах ў выглядзе фрагментаў (урыўкаў).

Тэксты дакументаў і матэрыялаў у асноўным выкананы на беларускай (у тым ліку лацінскім шрыфтам) і рускай мовах. Экспануюцца таксама 3 дакументы на польскай і 2 на ўкраінскай мовах. Трэцяя частка дакументаў з’яўляецца рукапіснымі. Сярод іх маюцца 15 аўтографаў Максіма Багдановіча, напісаных на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах (у тым ліку 3 арыгіналы). Экспануюцца таксама 29 аўтографаў 17-ці іншых асоб – родных (бацькі, брата Льва, сястры Н. Кунцэвіч, сваячніцы К. Пешкавай), даследчыкаў-літаратуразнаўцаў, кампазітараў, паэтаў, перакладчыкаў, якія былі звязаны з творчасцю Максіма Багдановіча.

Прадстаўленыя на выстаўцы архіўныя дакументы і матэрыялы адлюстроўваюць розныя этапы жыцця і напрамкі дзейнасці Максіма Багдановіча. Гэта гісторыя сям’і, асабістае жыццё, вучоба, працоўная і грамадская дзейнасць. Экспануюцца паэтычныя і празаічныя творы ўсіх жанраў, у якіх працаваў пісьменнік, а таксама матэрыялы, якія адлюстроўваюць творчыя сувязі Максіма Багдановіча з дзеячамі культуры і навукі. Апрача гэтага, дэманструюцца дакументы, якія адносяцца да дзейнасці яго бацькоў і братоў. Прадстаўлены таксама шэраг матэрыялаў, у якіх асвятляецца ацэнка сучаснікамі і нашчадкамі зробленага Багдановічам і ўшанаванне яго памяці.

Экспануюцца дакументы і матэрыялы ХIХ, ХХ і ХХI стст. (ад часоў Расійскай імперыі і да сучаснага перыяду). У іх ліку асабістыя дакументы – перапіска, успаміны родных і сяброў, аўтабіяграфічныя матэрыялы. Ёсць таксама афіцыйныя дакументы кіруючых дзяржаўных і партыйных органаў, а таксама Саюза пісьменнікаў Беларусі, рэцэнзіі ў газетах і часопісах. Сярод фотадакументаў 19 арыгіналаў фотаздымкаў з сямейнага альбома Багдановічаў. У фанатэцы рубрыкі вершы Максіма Багдановіча ў выкананні драматычных артыстаў, яго творы, пакладзеныя на музыку.

Удзельнікі праекта

Агульнае кіраўніцтва працай над праектам і ўзгадненне падрыхтаваных да размяшчэння на сайце матэрыялаў ажыццяўляла першы намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В. Бірукова.

Каардынацыю працы па зборы архіўных матэрыялаў і кансультацыйную падтрымку ажыццяўлялі загадчык аддзела навуковага выкарыстання дакументаў і інфармацыі Дэпартамента У. Крук і кансультант аддзела Р. Жаўняркевіч.

Фарміраванне інфармацыйнага напаўнення і тэхнічныя аспекты працы над праектам па размяшчэнні распрацаваных матэрыялаў у Інтэрнэце знаходзіліся ў кампетэнцыі супрацоўнікаў Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі:
— метадычнае і арганізацыйнае кіраўніцтва праектам, распрацоўка структуры рубрыкі, зместу даведак і выстаўкі выданняў і архіўных дакументаў і матэрыялаў – Д. Глазоўская;
— распрацоўка біяграфічнай даведкі і выстаўкі архіўных дакументаў і матэрыялаў, кантроль адпаведнасці тэксту нормам стылістыкі і правапісу – А. Саламевіч;
— распрацоўка даведкі аб архіўных фондах і адбор архіўных дакументаў па ацэнцы творчасці пісьменніка – Д. Крывашэй;
— даследаванне архіўных матэрыялаў па генеалогіі – С. Рыбчонак;
— распрацоўка англамоўнай версіі рубрыкі – С. Марасанава;
— апрацоўка відарысаў дакументаў, стварэнне html-версіі праекта, дызайн старонак рубрыкі, размяшчэнне матэрыялаў праекта ў сетцы Інтэрнэт – Г. Дашкевіч;
— дызайн стартавай старонкі рубрыкі – Ю. Заранка;
— падрыхтоўка матэрыялаў для прадстаўлення архіўных дакументаў, апрацоўка фонадакументаў – В. Адамчык.

Значную працу па пытаннях фарміравання інфармацыйнага напаўнення раздзела, які прадстаўляе архіўныя фонды, дакументы і матэрыялы, правялі супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва:
— распрацоўка даведкі аб архіўных фондах і ўдакладненне дадзеных па першакрыніцах – Г. Запартыка;
— выяўленне ў архіве дакументаў і матэрыялаў па тэме праекта, іх адбор і падрыхтоўка зыходных дадзеных для распрацоўкі раздела па архіўных дакументах – Т. Кекелева;
— падрыхтоўка электронных копій дакументаў – А. Хвалеўка.

У выяўленні дакументаў па тэме праекта і падрыхтоўцы іх электронных копій таксама прынялі ўдзел супрацоўнікі:
– Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў (Т. Рахманько, А. Палішчук, П. Краўчук, Д. Курневіч);
– Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (М. Старасценка, І. Юркова, Т. Міхеёнак);
– Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (У. Дзянісаў, Т. Навіцкая);
– Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў г. Гродна (І. Рабухіна, Г. Семянчук).

Заўвагі

Пры выкарыстанні матэрыялаў праекта неабходна рабіць спасылку на крыніцу (сайт «Архивы Беларуси» і архіў, у якім захоўваецца дакумент). Па іншых пытаннях выкарыстання размешчаных на сайце дакументаў трэба звяртацца ў адпаведныя архівы (кантактная інфармацыя аб іх маецца ў рубрыцы «Органы и учреждения Государственной архивной службы» сайта «Архивы Беларуси»).

Свае водгукі і прапановы, якія тычацца дадзенага праекта, можна накіроўваць па электроннай пошце (е-mail: ed@archives.gov.by).

Умоўныя абазначэнні, выкарыстаныя ў матэрыялах праекта

БДАКФФД – Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў
БДАМЛМ – Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва
БелНДЦЭД – Беларускі навукова-даследчы цэнтр электроннай дакументацыі
БССР – Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка
НАРБ — Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь
НГАБ — Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі
СМ БССР — Савет Міністраў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі
СССР — Саюз Савецкіх Сацыялістычных Республік
ЦК КПБ — Цэнтральны камітэт камуністычнай партыі Беларусі
[ ___ г.] — дакладна не вызначаныя даты