Учреждение «Белорусский государственный архив-музей литературы и искусства»

Учреждение «Белорусский государственный архив кинофотофонодокументов»

Государственное учреждение «Национальный архив Республики Беларусь»


прадстаўляюць віртуальную выставу

Выстава “Я – акіяна жытняга калоссе…”: Да 100-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова

Выстава

Творчасць Аркадзя Куляшова – адметная з’ява беларускай літаратуры ХХ ст. Яго вобразныя, дасканалыя паэтычныя радкі раскрываюць складаны духоўны свет сучасніка з яго штодзённым клопатам пра лёс чалавецтва, паказваюць яго моц і трываласць у цяжкіх гістарычных выпрабаваннях. Вядомы крытык і літаратуразнаўца Варлен Бечык ахарактарызаваў паэзію А. Куляшова як “цэласны лірычны маналог-роздум пра месца чалавека ў грамадстве, пра абавязак мастака, сутнасць паэзіі”.

Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў нарадзіўся 6 лютага 1914 г. у вёсцы Саматэвічы Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні (цяпер Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці) у сям’і настаўнікаў. У 1928 г. паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум, а ў 1931 г. перайшоў на першы курс літаратурнага факультэта Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута, дзе правучыўся да вясны 1933 г. Быў членам БелАПП. Працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» (1934), на беларускім радыё (1934 – 1936), літкансультантам у кабінеце маладога аўтара пры СП БССР (1936 – 1937). У 1941 – 1943 гг. – на фронце ў армейскай газеце «Знамя Советов», у 1943 – 1945 гг. – у Беларускім штабе партызанскага руху. У 1945 – 1946 гг. – рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва», у 1958 – 1967 гг. – начальнік сцэнарнага аддзела, галоўны рэдактар кінастудыі “Беларусьфільм”. У 1961 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1947 – 1978). Член СП СССР з 1934 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1948, 1964), ордэнам Чырвонага Сцяга (1943), двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1955, 1974) і медалямі. Народны паэт БССР (1968), заслужаны работнік культуры УССР (1973). Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР (1946 г. – за паэму “Сцяг брыгады”, 1949 г. – за паэму “Новае рэчышча”). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1970 г. – за пераклады паэзіі М. Лермантава, паэм “Энеіда” І. Катлярэўскага, “Спеў аб Гаяваце” Г. Лангфэла). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968 г. – за паэмы “Грозная пушча”, “Толькі ўперад”, “Песня аб слаўным паходзе” і вершы ў перыёдыцы).

Памёр 4 лютага 1978 г. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

Паэтычны талент Аркадзя Куляшова раскрыўся надзвычай рана. Першыя вершы ён напісаў на рускай мове яшчэ ў шасцігадовым узросце. А ў 1926 г. у клімавіцкай акруговай газеце “Наш працаўнік” надрукавалі яго верш на беларускай мове. У рэспубліканскім друку першыя вершы з’явіліся ў 1927 г. у часопісе “Чырвоны сейбіт”. Калі Аркадзю было 14 гадоў, ён напісаў верш “Бывай!..”, які пазней стаў вядомай песняй “Алеся” дзякуючы ансамблю “Песняры”. У 16 гадоў А. Куляшоў выдаў першы зборнік вершаў “Росквіт зямлі” (1930). Потым выйшлі кнігі паэзіі “Па песню, па сонца!” (1932), “Медзі дождж” (1932), паэмы “Аманал” (1933), “Гарбун” (1935), зборнікі “Мы жывём на граніцы” (1938), “Радзіме і правадыру” (1938), “У зялёнай дуброве” (1940), “Добры чалавек” (1941), паэмы “Баранаў Васіль” (1941), “Сцяг брыгады” (паэма і вершы, Масква, 1943), “Прыгоды цымбал” (1945), зборнікі “На сотай вярсце” (1945), “Вершы” (1946), “Паэмы” (1947), “Выбраныя вершы і паэмы” (1948), “Камуністы” (1949), паэмы “Простыя людзі” (1949), “Выбраныя творы” (1947, 1951), паэма “Новае рэчышча” (1951), “Вершы і паэмы” (1954, 1966), “Граніца” (1954), паэма “Грозная пушча” (1956, 3-е дапрацаванае выданне ў 1963), “Новая кніга” (1964), “Сасна і бяроза” (1970), паэма “Далёка да акіяна” (1972), “Мая Бесядзь” (1973), “Хуткасць” (1976), “Крылы” (1983), “Профілі” (1987), вершы і паэмы “Маналог” (1989). Выдадзены зборы твораў у 2-х (1957, 1964), 4-х (1966 – 1967) і 5-ці тамах (1974 – 1977).

Дакументы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Аркадзя Куляшова, захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ), Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў (БДАКФФД), Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (НАРБ). У БДАМЛМ існуе асабісты фонд А. Куляшова, куды ўвайшлі дакументы, перададзеныя ўдавой паэта Аксанай Фёдараўнай Куляшовай 10 красавіка 1997 г. У выніку навукова-тэхнічнай апрацоўкі фонду складзены вопіс № 1 у колькасці 557 спраў (3538 дак.) за 1930 – 1978 гг., асобныя дакументы 1979 – 1989 гг. Гэта – шматлікія рукапісы вершаў і паэм (у тым ліку такіх вядомых твораў, як “Сцяг брыгады”, “Прыгоды цымбал”, “Хамуціус”, “Далёка да акіяна”), публікацыі ў армейскай газеце “Знамя Советов” (1941 – 1943), пераклады А. Куляшовым Р. Гамзатава, Г. Лангфэла, К. Куліева, Х. Рысаля і інш., а таксама пераклады вершаў самога А. Куляшова на 6 моваў. Эпісталярная спадчына прадстаўлена лістамі ад дзеячаў літаратуры і мастацтва Беларусі, Расіі, Украіны, аднапалчанаў і франтавікоў, землякоў, аднакласнікаў і аднакурснікаў, знаёмых, чытачоў, калекцыянераў-кнігалюбаў і г. д. Вялікую частку фонду складаюць таксама матэрыялы службовай і дэпутацкай дзейнасці А. Куляшова.

Далей >>