Гісторыя архіўнай спадчыны Янкі Купалы



Янка Купала ў лісце да Б. Эпімаха-Шыпілы ад 13 красавіка 1919 г. пісаў: “Многа рукапісаў не магу дашукацца. Бачыш, паночку, рэч у тым. Мяне тут у Менску страшэнна абакралі. У 1916 г. я пакінуў пяць скрынь з кнігамі, рукапісамі і іншымі пісьменнымі матэр’яламі ў беларускай кнігарні пад апеку Власава і Лявіцкага. Цяпер, як прыехаў у Менск, то і следу ад усяго гэтага не знайшоў. Раскралі ўсё […]. Вельмі шкада рукапісаў і кніжак”.

У студзені 1916 г., пасля прыезду з Масквы ў Мінск, Янка Купала быў прызваны ў армію. Службу адбываў у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін. Улетку 1916 г. атрад з Мінска перавялі ў Полацк, куды пераехаў і Я. Купала. Тады і пакінуў ён скрыні з архівам і бібліятэкай на апеку сяброў. Восенню 1917 г. Купала з Полацка пераехаў у Смаленск, дзе прабыў да пачатку 1919 г. Пасля вяртання ў Мінск паэт і даведаўся пра згаданую вышэй страту. Але яна была не адзінай. У аўтабіяграфіі, якую Я.Купала даслаў Я. Карскаму 4 кастрычніка 1919 г., паэт напісаў: «…Якія былі адносіны ўраду да мяне? Трудна сказаць. Хіба – ніякія. Вось толькі хіба тое, што мая кніжка “Жалейка” была канфіскавана і выдаўцоў яе цягалі ў суд. Але праз пратэкцыю канфіскату знялі. Рукапісы мае ў Вільні ў “Нашай Ніве” была захапіла ахранка, пасля часць вярнула, а часць прапала. За ніякія справы ні разу не судзіўся. Толькі ў час вайны канфіскавалі адзін нумар “Нашай Нівы” – і мяне, як рэдактара, вызываў следавацель…”.У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва зберагаюцца машынапісныя копіі “Дела отделення канцелярии Главного управления по делам печати о брошюре на белорусском наречии “Жалейка” Янки Купалы” за 5-18 лістапада 1908 г. (Ф. 8, воп. 2, спр. 18), а таксама матэрыялаў Часовага камітэта па справах друку ў г. Вільні на артыкул “Думкі”, змешчаным у газеце “Наша Ніва” № 2 за 1915 г., і ўзбуджэнне судовага пераследу супраць рэдактара “Нашай Нівы” I.Д.Луцэвіча (ф. 66, воп. 1,   спр. 185). Гэтыя дакументы сведчаць, што адлюстраваныя ў іх падзеі таксама адмоўна паўплывалі на лёс архіва і бібліятэкі паэта.

У 1928 г. Я. Купала, працягваючы перапіску з Л. Клейнбартам, дэталізуе моманты страты свайго архіва: “ Громадная часть написанного мною пропала. Это было так: когда я жил в деревне, много написанного я передавал Самойло, а он – Луцкевичам, которые стали тогда во главе революционно-национального белорусского движения. При обыске у них или других обстоятельствах часть моих материалов пропала. Потом я массу посылал в Вильно в “Нашу Ніву” револ[юционных] стихов, которых по цензурн[ым] тогдашним условиям печатать нельзя было. И они где-то с архивом “Нашай Нівы” пропали. Таксамо часть моих материалов вместе с библиотекой пропала в Минске во время немецкой оккупации (перед выездом из Минска я был оставил свой архив и библиотеку в Минске). И вот я думаю, между нами говоря, не попало ли это в руки Земкевича, о котором я Вам писал. Часть этих материалов я нашел у очень рассеянного человека в Минске – у Власова (известный белор[усский] деятель) ” .

Пра тое, што страты архіва Я. Купалы былі вялікія, сведчыць і часопіс “Беларускае жыццё” № 1 за 1919 г.: “У часе вайны Купала напісаў шмат новых твораў. Частку сваіх рукапісаў ён прыслаў у Вільню, тут меліся друкаваць яго нязнаныя вершы. З прыходам польскага войска ў былы Камісарыят Асветы ўжо не пусцілі беларусаў, каб забраць рукапісы. Пасля доўгіх старанняў удалося атрымаць частку прыгатоўленага да друку матэрыялу. Другая частка, у тым ліку зборнік рукапісных вершаў Купалы – прапала”. Вядома, што ў 1919-1920 гг. віленская частка архіва Я. Купалы была канфіскавана польскай дэфензівай.

Янка Купала доўга і настойліва шукаў свае рукапісы і кнігі. Толькі 25 чэрвеня 1929 г. ён напіша ў лісце да Льва Клейнбарта: “ Поделюсь с Вами приятной для меня неожиданностью: нашлась часть моих рукописей, об которых я думал, что пропали, нашлись они, конечно, в богатом архиве Б.И. Эпимах-Шипилло. Сейчас их привожу в порядок и думаю опубликовать в “Полыме”. Рукописи большей частью 1906-1907 гг. Кроме непечатанных, имеются оригиналы использованные, но все датированные, так что можно восстановить почти полную хронологию всего мною написанного, учтя вещи   печат[анные] в “Нашей Ниве” большей частью с датой ”.

65 вершаў са знойдзеных Эпімах-Шыпілам у 1929 г. Я. Купала апублікаваў у часопісе “Полымя” (№ 2, 3). У заўвазе ён пісаў: “Рукапісы гэтыя пакінуты мною ў Бр[аніслава] Ігн[атавіча], калі яшчэ я жыў у яго ў 1909-1913 гг. у Пецярбурзе і аб якіх я сам ужо быў забыўся”. У № 5-6 “Полымя” за 1930 г. былі надрукаваны яшчэ 19 твораў і 11 перакладаў дарэвалюцыйнага перыяду. Г.В. Кісялёў выказаў у свой час меркаванне, што гэтыя рукапісы таксама з архіва Эпімах-Шыпілы. 

У 1929 г., калі быў у Ленінградзе, паэт перадаў некаторыя матэрыялы свайго архіва Л. Клейнбарту, які пісаў тады манаграфію пра Я. Купалу. Гэтыя матэрыялы так і засталіся ў архіве Клейнбарта [цяпер у Інстытуце рускай літаратуры (Пушкінскі дом) Расійскай акадэміі навук]. У Клейнбарта засталіся таксама лісты Я. Купалы да Эпімах-Шыпілы 1909-1922 гг., перасланыя яму Эпімах-Шыпілам у 1929 г. для часовага выкарыстання.

Давёўшы свае рукапісы да ладу, Янка Купала, каб пазбегнуць новых стратаў свайго архіва, перадаў усё праз Юлію Бібілу ў Дзяржаўную бібліятэку Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР).

Пасля ўваходу Літвы ў склад СССР, калі Я. Купала пасля доўгага перапынку змог прыехаць у маі 1941 г. у Вільню, захавальнікамі Беларускага музея імя Івана Луцкевіча былі падараваны паэту з фондаў музея некалькі яго рукапісаў.

Вялікія і незаменныя страты напаткалі архіў Янкі Купалы ў час Вялікай Айчыннай вайны. Дом паэта ў Мінску і дача ў Ляўках згарэлі, а ў пажары загінулі архіў і бібліятэка. З гэтым былі страчаны і ўсе мемарыяльныя рэчы Купалы. Усё перададзенае ім у Дзяржаўную бібліятэку БССР, разам з іншымі фондамі бібліятэкі, акупацыйныя ўлады вывезлі ў Германію.

Значная частка архіва Янкі Купалы пасля вайны трапіла на Украіну. 

У другой палове 1940-х гг. жонка паэта Уладзіслава Луцэвіч аб’ехала шмат гарадоў, каб сабраць раскіданы архіў Янкі Купалы. Шляхі гэтых пошукаў праляглі праз Кіеў, Днепрапятроўск, Падольск, Вільню, Ленінград, Маскву… Так пачынаў стварацца архіўна-музейны фонд Янкі Купалы, які стаў асновай вядомага сёння на Беларусі і далёка за яе межамі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Пошукі дакументаў з асабістага архіва вялікага паэта гэтая навукова-творчая ўстанова не спыняла ні на адзін дзень. Сёння музей валодае самым вялікім дакументальным фондам аб жыцці і творчасці Янкі Купалы.