Гісторыя архіўнай спадчыны Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча



У кастрычніку 2005 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылася канферэнцыя пад назвай «Архівы асабістага паходжання – састаўная частка інфармацыйнага рэсурсу грамадства». Вядомы даследчык жыцця і творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча, пісьменнік Язэп Янушкевіч зрабіў на гэтай канферэнцыі даклад, які стаў своеасаблівым падсумаваннем пошукаў і знаходак не аднаго пакалення вучоных дакументаў і рукапісаў «заслужанага для нашай бацькаўшчыны» В. Дуніна-Марцінкевіча. Даклад меў назву «Рэканструкцыя асабістага архіва В. Дуніна-Марцінкевіча». Трэба адзначыць, што даследчык выйшаў за рамкі ўласна тэмы і зрабіў спробу сістэматызацыі ўсёй дакументальнай спадчыны аб жыцці і творчасці пісьменніка, выяўленай цягам ХХ стагоддзя. У доказ гэтага прывядзем адпаведную частку тэксту даклада:
» 1. Родавыя дакументы, заведзеныя яшчэ да нараджэння Вінцэнта і скарыстаныя потым ім самім для высвятлення шляхецкага паходжання (Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ), фонд 319)…
2. Дакументы асабістага паходжання, якія, бясспрэчна, захоўваліся ў Люцінцы: ад копій хросных метрык яго бацькоў, самога Вінцэнта і яго жонкі Юзэфы, іхніх дзяцей і да заяў у Менскую шляхецкую зборню; судовыя позвы; гаспадарчыя інвентары; распіскі іншых асоб, вернутыя фондаўтваральніку пасля сплаты розных пазык ды інш. (НГАБ, фонд 2 — Мінскі прыказ грамадскай апекі; фонд 145 – Мінская палата крымінальнага суда; фонд 146 – Мінская палата цывільнага суда; фонд 319 – Мінская шляхецкая дэпутацкая зборня: фонд 320 – Канцылярыя менскага губеранскага маршалка і г. д.).
3. Прыжыццёвыя дакументы пра В. Дуніна-Марцінкевіча, якія не былі і не маглі быць у асабістым архіве фондаўтваральніка, паколькі часта мелі грыф «Сакрэтна» (НГАБ, фонд 159 – Мінскі павятовы суд; фонд 1430 – «О наблюдении за действиями помещика Минской губернии Викентия Марцинкевича») і інш.
4.У асобную калекцыю варта вылучыць дакументы пра дзяцей-нашчадкаў Дуніна-Марцінкевіча, род якіх і сёння шчасліва караніцца ў Польшчы, ЗША і іншых краінах, пачынаючы з захадаў самога Вінцэнта даць дзецям музычную адукацыю (Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы, фонд 378, агульнае аддзяленне, 1851 г.), крытычных водгукаў на музычныя канцэрты ў Менску, Варшаве, Вільні, Гародні, Кіеве з удзелам дзяцей пісьменніка і да звесткаў пра самых маленькіх прадстаўнікоў, народжаных у XXI стагоддзі …
5.Успаміны-згадкі пра фондаўтваральніка, як прыжыццёвыя (рэцэнзіі Уладзіслава Сыракомлі; яго тост-імправізацыя, занатаваны і пададзены Паўлам Малышэвічам у часопісе «Dziennik Warszawski», 1855; лісты Станіслава Манюшкі), так і пасмяротныя, выяўленыя і пададзеныя ў сучасных выданнях-манаграфіях Сцяпана Александровіча (пра чэшскі некралог Эдварда Ялінэка), Генадзя Кісялёва (зборнік «Пачынальнікі», 1977), Соф’і Кузняевай (артыкул пра беларускую літаратуру ў часопісе «Сын Отечества», 1856), Адама Мальдзіса, Уладзіміра Мархеля, Міколы Маляўкі і інш.
6. Эпісталярная спадчына, вельмі і вельмі сціпла прадстаўленая адзінкавымі ацалелымі лістамі пісьменніка да выдаўца Адама Завадскага, славіста Яна Карловіча, Адама Кіркора, Уладзіслава Сыракомлі і інш.
7. Іканаграфічныя матэрыялы – як прыжыццёвыя (здымкі-фотакарткі пісьменніка з асабістымі дарчымі надпісамі-подпісамі, тэатральныя афішы, мапы, інвентарныя планы маёнтка Люцінка), так і тыя, якія створаны пасля смерці пісьменніка.
8. Аўтографы-рукапісы, дасланыя пісьменнікам сябрам-калегам і ацалелыя ў віхуры апошніх стагоддзяў (Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, фонд 66; Нацыянальная бібліятэка ў Варшаве; Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы ў Вільні і інш.)” [1, с. 73-76].

Вышэйпрыведзеная частка дакладу Я. Янушкевіча красамоўна сведчыць, што найбольш плённымі пошукі дакументальнай спадчыны В. Дуніна-Марцінкевіча былі ў дзяржаўных архівах Беларусі, Літвы, Расіі, Польшчы. На вялікі жаль, асабісты архіў пісьменніка, той, які захоўваўся ў яго мінскім доме, а пасля ў знакамітай Люцынцы, беззваротна загінуў. Таму ўдвая даражэй тое, што знойдзена, даследавана і апублікавана беларускімі вучонымі Г. Кісялёвым, С. Александровічам, А. Мальдзісам, У. Мархелем, У. Содалем, Я. Янушкевічам і інш.

Адна з першых згадак пра лёс асабістага архіва В. Дуніна-Марцінкевіча належыць Ядвігіну Ш. (Лявіцкі Антон Іванавіч, 1868-1922) – вядомаму беларускаму пісьменніку, які ў 1870-я гг. вучыўся ў прыватнай нелегальнай школе, арганізаванай у маёнту Люцынка В. Дуніным-Марцінкевічам і яго сям’ёй. У сваіх успамінах у 1910 г. Ядвігін Ш. з незвычайнай цеплынёй і сумам напісаў:
«Памятаю я і Люцінку, і яе гаспадара: старэнькі ўжо тады быў, але добры, вясёлы, жартаўлівы. Памятаю і вялікі куфар, куды хаваў ён сваё пісанне, паўнюсенькі быў, але мала выйшла гэтага пісання адтуль у свет: па смерці Марцінкевіча стары дом згарэў, пайшла з дымам і большая палова працы гэтага заслужанага для нашай бацькаўшчыны чалавека. Дзіўлюся я цяпер, як мог ён столькі працаваць, пісаць, калі цалюсенькі дзень у гэтым самым доме дзеці – адны барабанілі на фартэпіяне, другія галасілі над кніжкай, іншыя дурэлі: музыка, смех, гоман, крык, а ніколі, бывала, слова благога не скажуць ні ён сам, ні яго жонка-старушка, ні дачка – наша вучыцельніца. Любілі яны нас – чулі гэта нашыя дзіцячыя душачкі, – дык і мы іх з усяго сэрца кахалі, шанавалі, як родных бацькоў. На кожны важнейшы, бывала, дзень нябожчык пісаў для нас усіх – дзяцей якую-колечы камедыю, мы яе вучыліся, з’язджаліся госці і ішло прадстаўленне. Памятаю доўгія восенныя вечары… памятаю цікавыя апавяданні аб роднай бацькаўшчыне і аб далёкіх халодных краёх, куды злая доля заганяе шмат людзей… Збіўшыся ў кучку, слухаем мы гэтыя дзівы, а нябожчыца, жонка песняра, ціхачом уцірае слязіну, шчымелі нашы сэрцы, у грудзёх нешта бунтавалася. Але скончылася тут наша навука: нас паразвозілі да бацькоў. Цяпер, ідучы калі здалёку ўгледзеў я Люцінку, так сама, як некалісь-некалісь, зашчымела маё сэрца, у грудзёх нешта бунтавалася, але ўжо не кулакі заціснуліся, а толькі скацілася па твары слязіна…»[2, с. 170-171].

З той багатай спадчыны В. Дуніна-Марцінкевіча, што так бязлітасна паглынуў пажар, толькі невялікая частка была надрукавана, ды і толькі тое, што было створана да пачатку 1860-х гг. Як пісаў у 1920 г. Р. Зямкевіч: «Шмат твораў не паявілася ў друку і прапала, быць можа, назаўсягды, шмат чаго захавалася ў рукапісах і знаходзіцца яшчэ ў людзей, а толькі малая частка твораў, ды прытым з самае ранняе эпохі яго працы, апублікавана ў друку»[3, с. 21-28].

Тое, што «захавалася ў людзей», давала вялікія надзеі вучоным. Ужо ў 1920-я гг. пачаўся актыўны пошук дакументаў В. Дуніна-Марцінкевіча. 2 снежня 1923 г. газета «Савецкая Беларусь» апублікавала невялікую зацемку пад назвай «Рукапіс Дуніна-Марцінкевіча», якая паведамляла: «Загадчыкам Мазырскага Павятовага Аддзяленьня Цэнтральнага Архіву БССР тав. Даўгаполавым выпадкова знойдзен у аднаго з грамадзян г. Мазыру рукапіс твору вядомага беларускага пісьменьніка XIX стагодзьдзя Вінцука Дуніна-Марцінкевіча. Рукапіс напісаны пісьменьнікам у 1860 годзе на беларускай мове. Па зьместу твор – гэта опэра пад назвай «Розна міласьць быва». Цікава адзначыць, што да гэтых часоў ніхто ня ведаў аб істнаваньні гэтага твору. Рукапіс у хуткім часе будзе куплены Інстытутам Беларускае Культуры і прывезены ў Менск. У.Б.»

Гісторыя набыцця гэтага рукапісу адлюстравана ў дакументах Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта), якія захоўваюцца ў архіве Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Як сведчаць пратаколы, у пачатку 1925 г. гэтае пытанне разглядалася на пасяджэнні прэзідыума Інбелкульта. Я. Дыла дакладваў аб выяўленым у Мазыры ў гр. Якава Мелеха невядомым рукапісе В. Дуніна-Марцінкевіча “Ружна міласць быва”. «У выпадку згоды, – адзначаў дакладчык, – набыць рукапіс за 25 р.». У гэтай жа справе захоўваецца распіска Ф. Далгаполава – загадчыка Мазырскага аддзялення Цэнтральнага архіва: “Я, нижеподписавшийся… даю настоящую расписку гр. Мелеху Я. Я. в том, что за взятую у него рукопись Дунина-Марцинкевича, согласно отношению Академического центра Белорусской культуры от 26.01. за № 56, обязуюсь уплатить ему 80 черв. рублей». На наступнай старонцы справы з архіва Інбелкульта – ліст Я. Мелеха ад 11 снежня 1925 г., у якім ён скардзіцца, «што грошай гэтых я да сёй пары не атрымаў» [4, арк. 298, 304-305].

Невядома, як далей складваліся адносіны паміж Я. Мелехам і Ф. Далгаполавым у справе набыцця рукапісу, але рукапіс гэты Інбелкульт усё ж набыў, калі не ў пастаяннае валоданне, то хаця б у часовае карыстанне. Пра гэта сведчыць захаваная ў фондзе Л. Бэндэ выпіска з пратакола рэдакцыйнай калегіі Інбелкульта ад 24 лютага 1926 г. наступнага зместу: «18. Аб выданьні камэдыі Вінцука Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка». Памянёны твор значыцца ў V-м разьдзеле Выдавецкага пляну Інбелкульту на бягучы пэрыод для выданьня ў складзе сэрыі акадэмічная бібліотэка беларускіх пісьменьнікаў. Асноўны тэкст камэдыі ўзяты з копіі, сьпісанае нябожчыкам Аляксандрам Бурбісам з друкаванага паасобніку “Сялянкі” выданьня 1846 году, які знаходзіцца ў Кракаве. Па вестках, атрыманых ад члена Інбелкульту Сьцяпана Некрашэвіча такі самы паасобнік «Сялянка», таго самага выданьня знаходзіцца ў бібліотэцы Усесаюзнае Акадэміі Навук. Пераклад на сучасную беларускую мову зроблены Язэпам Лёсікам – проза і Янкам Купалам – вершы. У назначаным да друку рукапісе, у васнову якога пакладзены т.зв. бурбісаўскі сьпісак «Сялянкі», зроблена параўнаньне з т.зв. Мазырскім сьпіскам «Сялянкі» 1860 году, які носіць загаловак «Różna miłość bywa».
18. Маючы на ўвазе, што акадэмічныя выданьні твораў беларускіх пісьменьнікаў падрыхтоўвае да друку Літаратурная Камісія Інбелкульту, перадаць усе матар’ялы на перагляд і апрацоўку ў памянёную камісію з просьбай падрыхтаваць акадэмічнае выданьне «Сялянкі» магчыма хутчэй, паколькі выданьне яе прадугледжана бягучым выдавецкім плянам» [5, арк. 1].

Працяг гэтай гісторыі адлюстраваны ў кнізе Г. Кісялёва «Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча». Спасылаючыся на даследаванні Я. Янушкевіча, аўтар адзначае, што “мазырская знаходка – не новы твор Дуніна-Марцінкевіча, а ўсяго толькі спіс яго знакамітай “Сялянкі”, якая чамусьці была перапісана ў 1860 г. пад новай назвай: «Różna miłość bywa»….». У 1982 г. гэты рукапіс быў выяўлены А. Мальдзісам у фондах Беларускай бібліятэкі імя Францыска Скарыны. Магчыма, што ён трапіў туды са збораў Беларускай Акадэміі навук у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Гэтая старонка гісторыі выдання «Сялянкі» у 1920-я гг. сцвярджае думку, што менавіта Інбелкульт расшукваў і набываў у той час рукапісы В. Дуніна-Марцінкевіча. Працу гэту ўзначальваў І. Замоцін. Вышэйназваная справа з фонда Л. Бэндэ утрымлівае каментары да твораў В. Дуніна-Марцінкевіча, падрыхтаваныя, найбольш верагодна, І. Замоціным і дапісаныя пазней Л. Бэндэ, дзе ў прыватнасці да «Быліц. Расказаў Навума» ёсць радкі і пра лёс яго спадчыны. Пра названы твор аўтар піша: «Захаваліся ў рукапісных сшытках, якія 17-18 год назад паступілі ў архіў катэдры беларускай літаратуры Акадэміі навук БССР». У архіў паступіла два сшыткі. Першы сшытак, у якім 128 старонак, змяшчаў у сябе напісаныя на беларускай мове але лацінкай «Быліцы. Расказы Навума». А другі вершаваную аповесць «Травіца Брат-сястрыца». Пасля археаграфічнага апісання гэтых сшыткаў аўтар зазначае: «Самі рукапісы Дуніна-Марцінкевіча да Вялікай Айчыннай вайны захоўваліся ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук і мабыць пагіблі» [5, арк. 2-3].

Меў у сваім архіве рукапісы В. Дуніна-Марцінкевіча і Р. Зямкевіч. Сведчаннем таму з’яўляецца заўвага да верша «Заўтра спаса, кажуць людзе…», які быў надрукаваны ў альманаху «Заходняя Беларусь» (Вільня 1924): «Рэдакцыі «Заходняй Беларусі» ўдалося ўстанавіць, што гэты верш быў напісаны Дуніным-Марцінкевічам да Яна Луцкевіча, […] які ў канцы 60-х гадоў арандаваў успомнены ў вершы двор Тарасэвічы, у Бабруйшчыне, не быў яшчэ жанаты ў 1868 г. і знаходзіўся ў блізкіх адносінах з нашым пісьменнікам. Ян Луцкевіч радзіўся ў 1831 годзе і памёр у 1895 г. Сыны яго добра памятаюць, што такі ж рукапіс знаходзіўся ў паперах бацькі» [6, с. 518].

Як вядома, багаты архіўны збор Р. Зямкевіча загінуў у Другую сусветную вайну, а з ім і арыгіналы рукапісаў В. Дуніна-Марцінкевіча.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Янушкевіч Я.Я. Рэканструкцыя асабістага архіва В. Дуніна-Марцінкевіча. // Архіўныя чытанні І – ІІІ. Матэрыялы навуковых канферэнцый. Мінск, 2003 – 2005. Выпуск 1. Мн., 2006.
  2. Ядвігін Ш. Успаміны. // Пачынальнікі. З гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ ст. Укладальнік Г.В.Кісялёў. 2-е выданне. Мн., 2003.
  3. Зямкевіч Р. Стары Мінск у беларускіх успамінах. // Пачынальнікі. З гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ ст. Укладальнік Г.В. Кісялёў. 2-е выданне. Мн., 2003.
  4. Архіў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ф. 67. Воп. 1. Спр. 9.
  5. БДАМЛМ. Ф. 66. Воп. 1. Спр. 1434.
  6. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Творы. / Укладанне, прадмова і каментарыі Я. Янушкевіча. Мн., 1984.