Драма «Раскіданае гняздо»

Анатацыя

Твор напісаны ў 1913 г. Паводле сведчання самога аўтара, драма створана на аснове жыццёвых фактаў. У ёй чуваць водгулле падзей, звязаных з лёсам сям’і Луцэвічаў, калі дзед паэта, не здолеўшы даказаць сваё права на валоданне зямлёй, вымушаны быў з сям’ёй пакінуць сядзібу і выправіцца ў свет у пошуках заробку. Аднак Купала пераносіць падзеі ў пярэдадзень рэвалюцыі 1905 г. і тым самым надае п’есе не толькі вострае сацыяльнае гучанне, але і выразную палітычную афарбоўку. Гэты твор — адлюстраванне вялікай сацыяльнай драмы простых, абяздоленых людзей і адначасова натхнёная паэма пра іх.

(Бібліятэка БДАМЛМ, № 1700)

Цытата

"С т а р а ц. …Ганьба таму чалавеку, што рукі апусціць, як перавяслы, і чакае, пакуль сама доля к яму прыйдзе ў хату і папросіцца, каб прыняў яе з ласкі свае! Ганьба таму, хто, вочы на ўсё заплюшчыўшы, будзе ісці ўцёртай здавён сцежкай няпраўды і бяспраўя, думаючы, што іначай быць ніколі не можа і што не ў яго волі змяніць стары парадак бессумленнага жыцця! Ганьба таму, хто, радзіўшыся ў ярме, валочыць яго пакорна, як вол стары, не парываючыся нават хоць на час выпрагчыся з гэтага ярма, паганячага пачуццё яго чалавечае!.."