Фонды беларускіх архіваў



Юбілей слыннага сына Беларусі актывізаваў выяўленне і сістэматызацыю архіўных крыніц аб жыцці і дзейнасці В. Дуніна-Марцінкевіча, якія захоўваюцца ў архівах Беларусі. Галоўная роля ў справе выяўлення належыць Беларускаму дзяржаўнаму архіву-музею літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ). Найбольшую колькасць дакументаў у архіве-музеі утрымлівае фонд Л.А. Бэндэ (ф. 66), усяго – 40. Іх можна сістэматызаваць па наступных групах:

  • Артыкулы Л. Бэндэ аб жыцці і творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча
  • Дакументы да біяграфіі В. Дуніна-Марцінкевіча
  • Рукапісныя спісы і копіі твораў В. Дуніна-Марцінкевіча, выкананыя Б.І. Эпімаха-Шыпілам і Л. Бэндэ
  • Артыкулы розных аўтараў пра В. Дуніна-Марцінкевіча, захаваныя ў архіве Л. Бэндэ.

Сёння цяжка сказаць, што было прычынай зацікаўлення і пачаткам збірання дакументаў В. Дуніна-Марцінкевіча Л. Бэндэ. Вядома, што ён даследаваў творчы і жыццёвы шлях пісьменніка з 1930-х гг. Але яго артыкулы 1932-1940 гг. так і засталіся ненадрукаванымі. Некалькі артыкулаў і невядомых дакументаў В. Дуніна-Марцінкевіча ён апублікаваў у 1946-1947 гг. Мажліва, што гэтым намаганням папярэднічаў збор і капіраванне дакументаў пісьменніка з прыватных і дзяржаўных архіваў. Але магло быць і так, што выпадковая нагода мець у сваіх сховах рэдкія дакументы В. Дуніна-Марцінкевіча падштурхнула Л. Бэндэ заняцца даследаваннем яго жыцця і творчасці. Самую каштоўную частку крыніц яго фонда якраз і складаюць біяграфічныя матэрыялы і рукапісныя спісы твораў, выкананыя Б. Эпімах-Шыпілам. Агульнавядома, што прыналежныя Б. Эпімах-Шыпілу дакументы пасля смерці апошняга захоўваў К. Пушкарэвіч. Частку гэтага архіва ён незадоўга да сваёй смерці ў 1942 г. перадаў Л. Бэндэ. Усе наяўныя ў фондзе дакументы даследаваны і апублікаваны. У многім, дзякуючы гэтаму факту, беларуская літаратура не страціла спадчыну В. Дуніна-Марцінкевіча. З незвычайным пачуццём дакранання да вялікай гісторыі мы і сёння можам гартаць лісткі з творамі «Сялянка» («Ідылія»), «Халімон на каранацыі», «Травіца брат-сястрыца», «Залёты» і інш., захапляцца прысвячэннямі, учытвацца ў радкі дакументаў, што так дасканала адбіваюць жыццёвы шлях Дудара.

На адным з такіх дакументаў фонду Л. Бэндэ хочацца спыніцца. Гэта «Справа па прадстаўленню Віленскага Цэнзурнага камітэта аб рукапісе «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча ў перакладзе на беларускую гаворку В. Дуніна-Марцінкевічам…» (ф. 66, воп. 1, спр. 989). Тут варта зрабіць удакладненне, што загаловак гэты не зусім поўна падае змест справы, бо акрамя дакументаў па «Пану Тадэвушу», тут змяшчаюцца матэрыялы Цэнзурнага камітэта аб захадах А. Кіркора ў арганізацыі сваіх выданняў у Адэсе і Пецярбурзе і аб забароне выдання лістоўкі з беларускім вершам «Праўдзівы расказ аб жыцці і смерці п’яніцы» – падаў беларускаму народу А.І. Папячыцель аб народнай трэзвасці». «Папячыцелем», як вядома, быў А. Ельскі. Большая частка дакументаў гэтай справы адносіцца да гісторыі выдання «Пана Тадэвуша» ў перакладзе В. Дуніна-Марцінкевіча на беларускую мову.

Справу пачынае ліст памочніка папячыцеля Віленскага цэнзурнага камітэта кн. Шырынскага-Шыхматава Міністру народнай асветы. «<>22 августа 1859 года. № 509. Господину министру народного просвещения. 8-го минувшего июня в Виленском ценсурном комитете получено предложение товарища вашего высокопревосходительства от 30 мая за № 1298, в коем сообщено определение Главного управления ценсуры, состоявшееся 25 апреля сего года, о воспрещении печатания азбук, содержащих в себе применение польского алфавита к русскому языку, и о постановлении правилом, чтобы сочинения на малороссийском наречии, писанные собственно для распространения их между простым народом, печатались не иначе, как русскими буквами, и чтобы подобные народные книги, напечатанные за границею польским шрифтом, не были допускаемы ко ввозу в Россию.

Между тем до получения сего предписания одобрена здешним комитетом к напечатанию поступившая разновременно в трех тетрадях рукопись на белорусском наречии под заглавием: «Pan Tadeusz, dwanatcac szlacheckich bylic, napisau Adam Mickiewicz. Piarawiarnuu na Bialaruskuju haworku Wincenty Dunin-Marcinkiewicz», из коих первая тетрадь одобрена 28 мая 1858 года, вторая 30 октября 1858 года, а третья 7 генваря 1859 года. Ныне типографщик Сыркин, отпечатав две первые тетради сказанного сочинения, представил узаконенное число экземпляров для получения билета на выпуск оного в свет и присовокупил, что третья тетрадь, составляющая второй том, находится при конце печатания.

Хотя вышепомянутое предложение относится, собственно, к малороссийскому наречию, но, как и белорусское наречие, составляет отрасль русского языка и некоторым образом может подходить под означенное постановление Главного управления ценсуры, то комитет встретил сомнение, может ли быть дозволено печатание сочинений на белорусском языке польским шрифтом, а потому комитет постановил покорнейше просить ваше высокопревосходительство о разрешении сего вопроса.

Если же вашим высокопревосходительством признано будет невозможным дозволять печатание белорусских сочинений польскими буквами, то комитет, принимая в уважение, что означенная рукопись была одобрена до получения сказанного предложения и что издатель оной по напечатанию понес значительные издержки, о возврате которых, на основании Свод [а] Зак[онов] (изд. 1857 г.), т. XIV, Уст[ава] о ценсуре, ст. 178, может домогаться, честь имеет покорнейше испрашивать разрешения у вашего высокопревосходительства на выпуск в свет помянутого сочинения».

Менавіта гэты ліст і раскрывае трагічную гісторыю выдання пераклада «Пана Тадэвуша». «Разрешение сего вопроса» скончылася забаронай выдання і знішчэннем тыражу ўжо надрукаваных сшыткаў. Цудам ацалела некалькі экзэмпляраў. В. Дунін-Марцінкевіч адчайна змагаўся за свой пераклад, але намаганні былі дарэмнымі. Выдаткаваўшы на выданне “значительный капитал”, аўтар быў амаль збанкрутаваны.Як бачна, у гісторыі забароны «печатания белорусских сочинений польскими буквами» побач з В. Дуніным-Марцінкевічам быў яшчэ адзін герой – віленскі выдавец Абель Гесаліевіч Сыркін. Ён, як і В. Дунін-Марцінкевіч, пісаў у Галоўны цэнзурны камітэт прашэнні і запіскі, галоўнай мэтай якіх было спагнанне грошай за выдаткі і страты пры падрыхтоўцы выдання. У адрозненне ад перакладчыка, страты выдаўца былі ў большай частцы кампенсаваны.

Асноўныя дакументы гэтай справы (усяго 5) былі выяўлены ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве СССР у Ленінградзе даследчыкам Г. Кісялёвым і апублікаваны ў кнізе «Пачынальнікі» (Мн., 1977. 2-е выд. Мн., 2003). У БДАМЛМ, у фондзе № 3 Беларускага музея імя Івана Луцкевіча захаваліся гранкі з рэдактарскай і карэктарскай праўкай з беларускага выдавецтва ў Пецярбургу «Загляне сонца і ў наша ваконца», а ў фондзе Л. Бэндэ – пераклад першых глаў «Пана Тадэвуша», перапісаны Б. Эпімах-Шыпілам у 1893 г. з таго самага экзэмпляра, выдадзенага ў Вільні ў 1859 г. у выдавецтве Сыркіна, які зараз знаходзіцца ў Ягелонскай бібліятэцы ў Кракаве.

Звяртаюць увагу на сябе вельмі цікавыя памяткі, якія захоўваюцца ў іншых фондах БДАМЛМ.

В. Дунін-Марцінкевіч у адным з лістоў у рэдакцыю «Gazety Polskiej» напісаў: «Жывучы сярод люду, які размаўляе па-беларуску, прасякнуты яго ладам думак, марачы аб долі гэтага братняга племені, анямеўшага ў маленстве ад невуцтва і цемнаты, вырашыў я для заахвочвання яго да асветы ў друку яго звычаяў, паданняў і разумовых здольнасцей пісаць на яго ўласнай гаворцы і са здзіўленнем заўважыў хутка, што выдадзеную мной «Ідылію», затым «Гапона», «Вечарніцы», «Дудара», «Купалу» і г.д. люд прыняў з найвялікшай прыхільнасцю, а моладзь з запалам пачала вучыцца чытаць і завучваць на памяць мае, так мілыя ёй творы… Які жыватворны ўплыў аказалі… гэтыя творы, можна меркаваць па тым, што сёння кніжкі на народнай гаворцы ўжо зусім разышліся, а новыя не друкуюцца» [1, с. 481].

Недахоп кніжак чытачы В. Дуніна-Марцінкевіча вырашылі вельмі проста: яны перапісвалі адзін у аднаго яго творы і нават цэлыя зборнікі. Перапісаныя вершы хадзілі ад хаты да хаты, вывучваліся напамяць, перадаваліся з вуснаў у вусны. Але падзеі 1863 г., у якіх самы актыўны ўдзел прыняў Беларускі Дудар і яго сям’я, не спрыялі гэтаму. Творы В. Дуніна-Марцінкевіча былі пад забаронай, а абачлівыя і асцярожныя чытачы знішчалі самаробныя кніжачкі і лісткі з перапісанымі яго вершамі і паэмамі. Захоўваць творы В. Дуніна-Марцінкевіча, які быў пад наглядам паліцыі і нават на кароткі час не меў права пакідаць Люцынку без дазволу ўлад, было вельмі небяспечна. І усё ж некалькі такіх рукапісных самаробных кніжачак дайшлі да нас.

Першым з такіх рукапісных рарытэтаў у архіў-музей паступіў з адной прыватнай калекцыі яшчэ ў 1995 г. Сярод дакументаў, здымкаў, выданняў ад сярэдзіны ХІХ ст. і да першай чвэрці ХХ ст., якія ўтрымлівае гэта калекцыя, нечаканы кліч з тых даўніх часоў – «Dudarz Białoruski czyli Wszystkiego potrosze przez Wincentego Dunin Marcinkiewicza. Minsk. Nakładem i drukiem I. Dworca. 1857.». Хто скапіраваў гэты зборнічак? Колькі людзей яго перахоўвалі? Праз якія шляхі-дарогі прайшоў ён? На вялікі жаль, усе гэтыя пытанні застаюцца без адказаў. Пажоўклыя ж старонкі добра захаванай рукапіснай кніжкі – сведчанне вялікай любові народа да творчасці Дудара. Думаю, што і сам Дунін-Марцінкевіч быў бязмежна шчаслівым, бачыўшы свае творы ў выглядзе такіх вось народных выданняў.

Амаль праз дзесяць гадоў, у лістападзе 2004 г., фонды БДАМЛМ чакала яшчэ адно незвычайнае папаўненне. На гэты раз з Торуня, горада на паўночным захадзе Польшчы. Намаганнямі супрацоўнікаў факультэта міжнародных адносінаў Універсітэта Мікалая Каперніка ладзілася канферэнцыя «Беларусь у ХХ стагоддзі. Палітыка і культура», дзе архіў-музей прадстаўляў даклад «Крыніцазнаўчы аспект вывучэння гісторыі беларускай літаратуры 20-30-х гадоў ХХ ст.». За дзень да ад’езду адбылася гаворка з Я. Янушкевічам, які назваў нумар карткі з каталога універсітэцкай бібліятэкі ў Торуні, дзе, магчыма, зберагаецца невядомы рукапіс «Гапона» В. Дуніна-Марцінкевіча. Пры садзеянні доктара навук, прафесара кафедры бібліятэказнаўства і навуковай інфармацыі Торуньскага універсітэта Гражыны Гзеллы быў арганізаваны візіт у бібліятэку і хуткі, усяго за хвілін дзесяць, пошук і замова рукапісу. Хваляванне і ўсіх эмоцый той сустрэчы не забыць ніколі. Пажоўклыя лісткі, сшытыя ўручную звычайнай белай ніткай, з такім знаёмым тэкстам: «Hapon. Poweść Bjałoruska». Тытульнага ліста няма, усе ўліковыя адзнакі на першай старонцы: Акс 13/72, к 2168/72, Rps 1243, пячатка бібліятэкі. Кожная з гэтых памет нясе пэўную інфармацыю для супрацоўнікаў бібліятэкі і яе наведвальнікаў. Кніжачка мае 24 лісты, запоўненыя з абодвух бакоў, і ўключае вершаваную аповесць «Гапон» і верш «Pаwinszawanie Wojta Nauma. W Dzien Imienin panny w.s.». Калі і як яна трапіла ў Торунь? Хто перадаў яе на захаванне ў бібліятэку універсітэта? На гэтыя пытанні пакуль няма адказу. У запісах карткі і інвентарнай кнізе, якую шаноўна падаў супрацоўнік бібліятэкі, на вялікі жаль, гэта не адлюстравана. Электронная копія, якую архіў-музей атрымаў у падарунак ад бібліятэкі Універсітэта М. Каперніка ў Торуні, будзе выдатнай ілюстрацыяй да выданняў і выставак, а таксама не павінна быць пазбаўлена ўвагі даследчыкаў.

Вялікую ролю ў напісанні біяграфіі В. Дуніна-Марцінкевіча адыгралі дакументы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (НГАБ). Толькі для дадзенай выстаўкі быў створаны пералік на 69 дакументаў за 1802-1876 гг. Самымі раннімі з іх з’яўляюцца метрычныя запісы аб хрышчэнні Вінцэнта Якуба Дуніна-Марцінкевіча 23 студзеня 1808 г. у Бабруйскім парафіяльным касцёле і паўторным хрышчэнні ў маёнтку Панюшкавічы 25 ліпеня 1808 г. Значную частку дакументаў, выяўленых у НГАБ, складаюць генеалагічныя дакументы і дакументы аб пацвярджэнні шляхецкага паходжання В. Дуніна-Марцінкевіча: генеалагічныя табліцы за 1826 і 1832 гг.; пасямейны спіс за 1816, 1842 гг., указы, выпіскі, пратаколы, прашэнні В. Дуніна-Марцінкевіча і іншыя матэрыялы за 1832-1854 гг.

Цікавую частку складаюць дакументы, звязаныя з фальваркам Люцынка каля Івянца, які сям’я В. Дуніна-Марцінкевіча набыла ў 1840 г. у межавога суддзі А. Сялявы: купчая крэпасць ад 6 красавіка 1840 г., справа аб узаемных прэтэнзіях А. Сялявы і В.Дуніна-Марцінкевіча; справа па прашэнні ў палату Цывільнага суда аб купчай за 1845 г., прашэнні аб выдачы пазык, рапарт, пасведчанне аб дазволе залогу маёнтка Люцынка, рэвізскія казкі сялян маёнтка Люцынка за 1845 г., справа аб выкупе зямель сялянамі маёнтка Люцынка ў В. Дуніна-Марцінкевіча за 1862 г., устаўная грамата маёнтка Люцынка 1862 г. і інш.

Захаваліся прашэнні і рапарт за 1834 г., якія пацвярджаюць працу В. Дуніна-Марцінкевіча на пасадзе пратакаліста Мінскай рымска-каталіцкай кансісторыі. Выпіскі з метрычнай кнігі Мінскага Троіцкага касцёла гавораць аб нараджэнні і хрышчэнні дзяцей В. Дуніна-Марцінкевіча: дачкі Эміліі (нар. 31 кастрычніка 1835 г.), сына Міраслава Эдварда (нар. 2 кастрычніка 1837 г.), дачкі Яўгеніі Эміліі (нар. 25 снежня 1838 г.), дачкі Зофіі Аліцыі (нар. 12 сакавіка 1840 г.), дачкі Цэзарыны (нар. 16 жніўня 1841 г.).

У дакументах НГАБ адлюстраваны таксама ўдзел В. Дуніна-Марцінкевіча і яго сям’і ў паўстанні 1863 г. У Алфавітным спісе асоб, якія ўдзельнічалі ў паўстанні з указаннем секвестраванай, канфіскаванай і забароненай маёмасці пад № 10 паказаны абшарнік Мінскага павета В. Дунін-Марцінкевіч, у якога секвестраваны 14 красавіка 1864 г. маёнтак Люцынка і накладзена забарона 8 снежня 1864 г.; у спісе асоб, якія адсутнічалі па месцы жыхарства ў час падзей 1863 г., паказаны В. Марцінкевіч; ёсць таксама паведамленне канцылярыі Мінскага губернатара мінскаму павятоваму спраўніку аб вызваленні В. Дуніна-Марцінкевіча ад нагляду паліцыі «С воспрещением жительства в столицах и столичных губерниях» за 28 мая 1876 г. і іншыя дакументы.

Гэты шэраг дакументаў дапаўняе прашэнне Мінскага цывільнага губернатара начальніку Гродзенскай губерні ад 28 студзеня 1864 г., у якім сказана, што «… Мартинкевич, переодеваясь в крестьянское платье и пользуясь особенным знанием простонародного здешняго наречия, появляется между крестьянами и старается поселять между ними злонамеренные мысли и действия против Правительства…». У заключнай частцы гэтага дакумента “Пакорнейшая просьба” зрабіць у дачыненні В. Дуніна-Марцінкевіча адпаведныя распараджэнні і ў выпадку яго з’яўлення на тэрыторыі губерні «немедленно арестовать его и со всеми найдеными при нём бумагами и под строгим караулом доставить ко мне в Минск». Захоўваецца гэта прашэнне ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна.

У Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў знаходзяцца некалькі здымкаў В. Дуніна-Марцінкевіча і яго дачкі Камілы, якія многім вядомыя па ранейшых публікацыях. Цікавую старонку збораў гэтага архіва складаюць фатаграфіі сцэн са спектакля «Пінская шляхта» Гомельскага народнага тэатра за 1967 г., віды помнікаў і мясцін В. Дуніна-Марцінкевіча, фоназапісы: 1983 г.- музычнага твора І. Лучанка на вершы В. Дуніна-Марцінкевіча «Радзіма бацькоў» у выкананні М. Жылюка і Т. Міянсаравай, 1973 г. – спектакля «Пінская шляхта» і 1993 г. – спектакля «Ідылія» ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы.

Спіс літаратуры

1. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Творы. // Укладанне, прадмова і каментарыі Я. Янушкевіча. Мн., 1984.