Фонды беларускіх архіваў



Вынікі выяўлення дакументаў у дзяржаўных архівах Беларусі, праведзенага да 125-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа, дазваляюць сцвярджаць, што Нацыянальны архіўны фонд Беларусі ў сваім складзе мае ўнікальны дакументальны скарб: вядомы і невядомы даследчыкам і прыхільнікам творчасці Песняра.

Значная роля ў збіранні і захоўванні дакументальнай спадчыны Я. Коласа належыць Беларускаму дзяржаўнаму архіву-музею літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ). Гісторыя ўзнікнення і фарміравання “Збору матэрыялаў Якуба Коласа” (фонд № 9), які камплектуецца ў БДАМЛМ, незвычайная і цікавая, як і ўсё тое, што ў ім захоўваецца. Пачаткам яму стала паступленне 13 чэрвеня 1961 г. фонду № 1820 з Цэнтральнага дзяржаўнага літаратурнага архіва СССР у Маскве. Гэта адбылося ў адпаведнасці з распараджэннем Галоўнага архіўнага ўпраўлення пры Савеце міністраў СССР ад 14 ліпеня 1960 г. Фонд меў усяго 4 адзінкі захоўвання. Захаваны ў справе фонда акт сцвярджае, што дакументы ў Цэнтральны літаратурны архіў СССР паступілі ад рускага паэта і мастака А.Е. Кручоных у красавіку 1945 года. У лістападзе 1951 г. у Цэнтральным дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва СССР яны прайшлі навуковую апрацоўку, у выніку чаго і былі сфарміраваны 4 адзінкі пад наступнымі загалоўкамі:

  • "Сказка Коласа Якуба "Как поп сделался авиатором", перевод с белорусского Исаковского Михаила Васильевича, на 1-й стр. автограф (1938);
  • Поэма Коласа Якуба "Расплата", "Стихотворения", "Узбекистану", "Дед Сёмко" и др., черновик на белорусском языке. На обложке тетради подпись – автограф Якуба Коласа. (1943 – 1945);
  • Текст Коласа Якуба "С нами Ленин" к музыке Грачева Михаила, напечатанный в сборнике "Ленинское знамя", на отдельном листе имеется подпись – автограф Коласа Якуба. (1945);
  • [Крученых Алексей Елисеевич]. Портреты Коласа Якуба и Алымова Сергея Яковлевича, б. граф. кор. На рисунках надписи – автографы Коласа Якуба и др. (23 февраля 1945 г.)" [1, с. 9].

Наступным значным паступленнем у збор Якуба Коласа былі яго лісты да П.А. Сямыніна, якія 17 сакавіка 1962 г. перадаў сам перакладчык і добры сябра Песняра. П.А. Сямынін падараваў архіву 21 пісьмо і дзве тэлеграмы, атрыманыя ад Я. Коласа ў розныя гады. У красавіку 1966 г. яшчэ адзін сябра і перакладчык яго твораў С. М. Гарадзецкі прапанаваў архіву набыць неверагодную колькасць рарытэтаў: 177 лістоў Я. Коласа, некалькі аўтографаў вершаў і інш. У 1972 г. архіў падпісаў яшчэ адно пагадненне на перадачу дакументаў з асабістага архіва С.М. Гарадзецкага, на гэты раз з яго дачкой Рагнедай Сяргееўнай Гарадзецкай, у выніку чаго ў фонд паступіла 78 пісем і паштовак Я. Коласа, тэлеграмы, запіскі, рукапісы вершаў і частка дакументаў самога перакладчыка: пісьмы да Я. Коласа, рукапісы вершаў, партрэт Я. Коласа і малюнкі Коласаўскіх мясцін, выкананыя С. Гарадзецкім.

У 1973 г., калі ў архіве праводзілася навуковая апрацоўка збору матэрыялаў Я. Коласа, было прынята рашэнне аб далучэнні да гэтага збору фрагментаў неапублікаванай аповесці “Адзін з сотні” (“Школьны працаўнік”), копіі пісем Я. Коласа Я.Ф. Карскаму, Л.М. Клейнбарту, М.Дз. Міцкевіч, якія захоўваліся у асабістым архіве крытыка А.А. Бэндэ (арыгіналы захоўваюцца у архіве Інстытуце рускай літаратуры Акадэміі навук Расійскай Федэрацыі).

Так была сфарміравана самая ўнікальная частка збору дакументаў Я. Коласа. Але працу па яго напаўненні архіў-музей ніколі не спыняў. Запыты ў розныя архівы былога СССР, звароты да ўладальнікаў асабістымі архівамі, адбор газетна-часопісных публікацый і матэрыялаў па ўшанаванні памяці Песняра далі свой плён. У 1999 г. БДАМЛМ падвёў вынікі сваёй дзейнасці па збіранні памятак Я. Коласа за 1975-1998 гг., склаўшы вопіс на 558 дакументаў. Сярод іх:

  • лісты Я. Коласа да перакладчыка Я.С. Мазалькова,
  • рукапісы артыкулаў, выступленняў,
  • успаміны пра Я. Коласа,
  • прысвячэнні Я. Коласу,
  • фотадакументы і інш.

Сёння “Збор матэрыялаў Якуба Коласа” ў БДАМЛМ налічвае амаль 400 адзінак захоўвання, якія складаюць каля 1000 дакументаў. Ён адкрыты для паступленняў дакументаў, унікальных і неабходных для спасціжэння жыцця і творчасці вялікага Песняра. Але толькі названым зборам дакументальная спадчына пісьменніка ў архіве-музеі не абмяжоўваецца. Аўтографы яго твораў, пісьмы, фотаздымкі і інш. захоўваюцца ў фондах Я.С. Мазалькова, Л.П. Александроўскай, М.М. Клімковіча, К. Буйло, Л.А. Бэндэ, Калекцыі дакументаў Беларускага музея імя І. Луцкевіча ў Вільні, Саюза пісьменнікаў БССР і многіх іншых фондах.

Вялікую каштоўнасць уяўляюць дакументы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (НГАБ). Самыя раннія з іх адносяцца да канца 18 стагоддзя і дазваляюць разгадаць таямніцы радаводу піасьменніка:

  • запісы аб нараджэнні і хросце прадзеда Мікалая-Георгія Міцкевіча (1790), дзеда Казіміра Міцкевіча (1820), братоў Ігната, Антона і сястры Кацярыны.
  • дакументы, якія раскрываюць маёмасны стан сям’і, згадваюць сацыяльны статус яе гаспадара: баланс даходаў і выдаткаў фальваркаў Падзежыцы і Мікалаеўшчыны са звесткамі пра выдачу цівуну Мікалаю Міцкевічу (прадзеду Я.Коласа) збожжа за службу; кніга запісу даходаў і выдаткаў ад выкарыстання лясных надзелаў са звесткамі аб выдачы Казіміру Міцкевічу паліўнага і будаўнічага дрэва, аб аплаце за збор ягад і грыбоў; дакументы аб арэндзе зямлі, дагаворы на пашу, планы сядзібы ў Альбуці, Ластку, Акінчыцах і іншыя.

У фондзе № 458 НГАБ захоўваюцца дакументы па справе сялян сяла Пінкавічы Пінскага павета, у якой непасрэдны ўдзел прыняў настаўнік К.М. Міцкевіч – будучы пісьменнік:

  • зварот сялян сяла Пінкавічы да памешчыка С.С. Скірмунта, складзены К.М. Міцкевічам,
  • рапарт інспектара народных вучылішч аб удзеле К.М. Міцкевіча ў народных хваляваннях,
  • прадпісанні аб правядзенні следства і прыцягненні К.М. Міцкевіча да адказнасці,
  • акт перадачы маёмасці і рапарт настаўніка К.М. Міцкевіча ў Мінскую дырэкцыю народных вучылішч аб прыёме маёмасці Верхменскага народнага вучылішча Ігуменскага павета, куды ён быў пераведзены пасля падзей ў сяле Пінкавічы.

Не меншую цікавасць уяўляюць дакументы фонда № 342, якія даюць магчымасць дэталізаваць яшчэ адну падзею ў жыцці Я. Коласа – яго ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе: пратаколы пасяджэння Савета Мінскай дырэкцыі народных вучылішч ад 25 жніўня 1906 г. аб прыцягненні да адказнасці настаўнікаў Мінскага павета за удзел у з’ездзе і ад 28 снежня 1906 г. аб разглядзе нелегальнай палітычнай дзейнасці настаўнікаў Мінскай губерні. Тэксты гэтых дакументаў апублікаваны ў грунтоўнай кнізе, укладзенай Г.В. Кісялёвым, “З жыццяпісу Якуба Коласа” (Мн., 1982).

Жыццё і дзейнасць Якуба Коласа у 1920-1956 гг. адлюстравана ў многіх дакументах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Сярод іх можна назваць:

  • асабістую анкету супрацоўніка Народнага камісарыята асветы К.М. Міцкевіча,
  • заяву К.М. Міцкевіча ў прадметную камісію Беларускага дяржаўнага ўніверсітэта (БДУ) аб прызначэнні яго асістэнтам на кафедру беларускай мовы і пастанову аб яго прызначэнні і іншыя дакументы аб працы ў БДУ за 1923-1926 гг.,
  • пісьмы Я. Коласа У.Н. Маліну і Р.Б. Эйдзінаву з падзякай за грашовую дапамогу ў 1941 г.,
  • пісьмо Я. Коласа ў Бюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі з прапановай аб упарадкаванні могілак.

Значная колькасць друкаваных матэрыялаў пра Я. Коласа за 1937-1985 гг. захоўваецца ў асабістым фондзе М. І. Камінскага (фонд № 591). Усе названыя і многія іншыя дакументы НАРБ, якія маюць звесткі пра Я. Коласа, вельмі актыўна выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы збору твораў, для актуалізацыі музейных экспазіцый, публікуюцца ў часопісах і газетах. Тыя ўнікальныя дакументы пра Я. Коласа, якія былі ўведзены ў навуковы ўжытак за апошняе дзесяцігоддзе, сведчаць, што даследчыкі маюць вялікія перспектывы ў вывучэнні жыцця і творчасці пісьменніка, выкарыстоўваючы як мага актыўней багацейшую спадчыну Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў (БДАКФФД) стварыў своеасаблівы фоталетапіс жыцця Я. Коласа. Здымкі Я. Коласа, якія захоўваюца ў архіве, датуюцца 1912-1956 гг. Здымкі пазнейшага часу звязаны з мерапрыемствамі па ўшанаванні памяці пісьменніка. Але кожны пагодзіцца з тым, што самым незвычайным з’яўляецца збор фонадакументаў з “жывым” голасам Якуба Коласа. Аддзелам інфармацыі, публікацыі і навуковага выкарыстання дакументаў БДАКФФД пададзены звесткі пра 11 выяўленых запісаў: выступленні Я. Коласа на адкрыцці помніка Я. Купалу, на трэцім з’ездзе пісьменнікаў Беларусі, на другім з’ездзе пісьменнікаў СССР, на вечары памяці Адама Міцкевіча (да 100-годдзя з дня смерці), на ўрачыстым пасяджэнні, прысвечаным 70-годдзю з дня нараджэння Я. Купалы, аўтарскае выкананне верша “Савецкія дні” і інш. 125-годдзе з дня нараджэння Песняра – добрая нагода для спадзяванняў пачуць яго голас па радыё і тэлебачанні. У сувязі з гэтым варта адзначыць таксама факт існавання ў фондах БДАКФФД кінадакументаў, якія дазваляюць убачыць пісьменніка ў самых розных жыццёвых сітуацыях і тым самым ствараюць незвычайнае пачуццё рэальнасці вобраза, яго прысутнасці ў нашым часе, адчуванне яго велічы, шчырасці, непасрэднасці.

Вобраз Якуба Коласа ў манументальным мастацтве Беларусі адлюстраваны ў дакументах Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі (БДАНТД). Эскізы, варыянты, фотаздымкі помнікаў Песняру на плошчы ў Мінску, у вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна, надмагільнага і іншых помнікаў захоўваюцца ў асабістых фондах іх аўтараў Г. Заборскага, М.І. Бакланава, а таксама ў фондзе “Белдзяржпраекта”. Навуковую і практычную каштоўнасць маюць чарцяжы і эскізныя праекты Музея імя Я. Коласа ў г. Мінску з аўтографамі Я. Коласа і аўтара праекта Г. Заборскага (1952), Музея “Леснічоўка” ў Альбуці (1972), Музея ў Смольні (1972).

У некаторых абласных дзяржаўных архівах Беларусі таксама выяўлены дакументы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Якуба Коласа:

  •  Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці матэрыялы, сярод якіх трэба адзначыць стэнаграму выступлення Я. Коласа на агульнагарадскім савеце інтэлігенцыі г. Мінска 16 снежня 1944 г. (фонд 69-П), справу па прыёму К. М. Міцкевіча (Я. Коласа) у члены ВКП(б) у лютым 1945 г., у якой захаваліся ўласнаручна напісаныя анкета і аўтабіяграфія і інш. дакументы, звязаныя з дэпутацкай і педагагічнай дзейнасцю пісьменніка.
  •  Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці ў фондах захоўваюцца дакументы аб вылучэнні Я. Коласа кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР па Аршанскай чыгуначнай выбарчай акрузе ў 1951 г., аб чытацкай канферэнцыі ў Лёзна па аповесці Я. Коласа “Дрыгва” ў 1936 г., аб святкаванні на Віцебшчыне 20-годдзя яго літаратурнай дзейнасці ў 1927 г. і інш. 

Літаратура:

1. БДАМЛМ. Справа фонду № 9 / Збор матэрыялаў Якуба Коласа.