Зборнік паэзіі «Цікавішся? Прачытай!»

Анатацыя

Трэці зборнік паэзіі В. Дуніна-Марцінкевіча. У яго ўвайшлі "народная аповесць" "Купала" (1855 г.) на беларускай мове, апавяданне вершам у 3-х карцінах "Благаславёная сям’я" (1856 г.), вершаванае гістарычнае апавяданне ў 2-х песнях "Славяне ў XIX стагоддзі" (1856 г.), верш "Хіба я стары?" (1856 г.) на польскай мове.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва ёсць другое выданне аповесці "Купала", здзейсненае лацінскім шрыфтам у Санкт-Пецярбургу выдавецтвам "Загляне сонца і ў наша аконца" ў 1910 г.

Галоўная ідэя вершаванай аповесці "Купала" — маральная чысціня народа. Расказваецца як сялянская дзяўчына Агатка пакахала паніча, але той не адважыўся ажаніцца з ёй, і Агатка вярнулася да свайго ранейшага каханага — сялянскага хлопца Саўкі. Падзеі разгортваюцца на фоне святкавання Купалля, якое падрабязна апісана.

У апавяданні вершам "Благаславёная сям’я" закранаецца праблема маральных ідэалаў, сямейных каштоўнасцей, услаўляецца любоў да родных мясцін. Аліса, унучка старога шляхціца Марціна, які выхоўваў дзяцей і ўнукаў у пашане да бацькоў, выходзіць замуж за гувернёра Уладзіслава, які сваімі паводзінамі заслужыў добразычлівае стаўленне шляхетнай сям’і.

Гістарычнае апавяданне "Славяне ў XIX стагоддзі" прысвечана нацыянальна-вызваленчай барацьбе паўднёвых славян супраць турэцкага панавання.

У вершы "Хіба я стары?" закранаецца праблема узаемаадносін творцы і народа. Аўтар, па сутнасці, выказаў у ім сваё ўсведамленне сэнсу ўласнай творчасці.

Цытаты

"Заўтра Іван святы! — так дабродзей кажа;
Пакуль на палаці мужычок прыляжа,
Штобы па рабоце крыху адпачыць:
Вось свяціць купала бацькі нас вучылі,
Ужо на даліне агні разлажылі,
Трэба ж нам з грамадай, што бог даў спажыць.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
"Ах, добры мой бацька! каханая матка!
Яны не пільнуюць свайго дзіцятка;
Бог мая старожа дый добрыя людзе,
Часта яны кажуць, што на страшным судзе
Дзяўчат нерастропных бог вельмі карае,
Так і ксёндз-дабродзей людзей навучае".
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
"…Бог мяне карае, што ветрана стала,
Пачцівага сэрца чурацца начала;
Паніч толькі зводзіш, хочаш забаўляцца;
А не ласка ж будзе са мной абвянчацца?" —
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
"…Штоб шляхціц з мужыцкай дочкай ажаніўся!
Я ж бы меж сваімі тагды не ужыўся!
Пальцамі бы мяне усе вытыкалі,
Як ад злой сабакі, чурацца бы сталі!" —
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
"…Дзякуй жа, панічку, за тваё каханне,
Мілейшы ж мне Саўка у мужыцкім стане;
Ён не схоча беднай дзяўчаці глуміць,
Ён пачцівым сэрцам век будзе любіць!"
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Слухайце старога — яго голас з неба!
Гнацца за ізбыткам, дзетачкі, не трэба!
Хваліць толькі бога, шчыра працаваці,
Любіць добрых паноў, маўляў родных браці,
Вось нашае дзела! — А дзяўчаты гладкі,
Ушануйце сівы волас бацькі, маткі,
Жывіце у чэсці, а бог міласэрны
Дасць вам шчасну долю і дабытак верны!"

("Купала")

"Што мне Вена, Мадрыд, што мне Лондан туманны,
Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы!
Тут прывольна і ўтульна на ўлонні прыроды!
Тут і птушкі спяваюць прыгожа заўсёды!
Тут і сонца на свет весялей паглядае!
І любоў гарачэй тут у сэрцах палае!"

("Благаславёная сям’я", пераклад Аляксея Зарыцкага)

"Рэчка славян, абудзіся ад соннай дрымоты!
Чыстай вадою абмый твар зямлі шматпакутнай!
Не, не забылася, як паўдзённай спякотай
З продкамі хваляй дзялілася вольнай, магутнай!

Бачыла крыж хрысціянскі, так высака ўзняты,
Бачыла — вольны народ шанаваў свайго бога;
Сёння ж — о, ганьба! — ў няволі народ твой і хаты,
Землі славянскія топчуць варожыя ногі!

Гэй жа, прачніся, спрадвеку славянскі Дунаю!
Колькі цярпець будзем здзек і ліхую нядолю?
Хваляй успененай горда разліся па краю! —
Ворагаў знішчы Хрыста, дай уваскрошанне, волю!"

("Славяне ў XIX стагоддзі", пераклад Алеся Звонака)

"Для вас, паны, шкода халопскай мне мовы,
Для вас, чые мудрыя надта галовы,
Манеры салонаў засвоіўшы ўмела,
Смяюцца з таго, крытыкуючы смела,
Што тут адраджаецца на родных глебах,
Чужое ж, хай кепскае, ўзносяць да неба.
Ваш суд мне не страшны, хай злосна скавыча
У будцы сабака, увагі на пса не звярну я.
Як раіць пясняр Сыракомля, пішу я
Цяпер, як заўсёды, на мове мужычай."

("Хіба я стары?", пераклад Аляксея Зарыцкага)